Даклад задумы сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках праведзенага 20 сакавіка ў Палацы Незалежнасці даклада зацвердзіў задуму сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, міжнародная абстаноўка абавязвае бесперапынна павышаць майстэрства і ўзровень рэгіянальнай групоўкі войскаў для абароны заходніх рубяжоў Саюзнай дзяржавы. "Маючае адбыцца вучэнне з'яўляецца лепшым спосабам праверыць гатоўнасць ваеннаслужачых дзвюх краін да ўзаемадзеяння. Такім чынам мы ўмацоўваем сваю агульную абараназдольнасць і будзем гэта рабіць у далейшым", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што шмат гадоў таму Беларусь і Расія дамовіліся праводзіць такія вучэнні па чарзе на тэрыторыі адной і другой краін, цяпер чарга Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што на заходнім напрамку ў Беларусі і Расіі створана магутная групоўка ўзброеных сіл, аснову якіх складае беларуская армія. "У выпадку канфлікту, не дай бог вайны, існуе пэўны план вядзення баявых дзеянняў сіламі беларускіх Узброеных Сіл, якія неадкладна падмацоўваюцца адпаведнымі ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ні ад каго ніколі не ўтойвалі і не ўтойваем, што ў мірны час порах трэба трымаць сухім".

"Для сродкаў масавай інфармацыі асабліва адзначу, што насуперак меркаванням асобных "экспертаў" ніхто не збіраецца згортваць супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай галіне з-за рознагалоссяў, якія ўзніклі ў іншых сферах. Наадварот, вучэнне з'яўляецца дэманстрацыяй нашага пастаянства ў забеспячэнні бяспекі двух брацкіх народаў", - заявіў Прэзідэнт.

"Як ні складваліся б нашы адносіны ў галіне нафты, газу, прадуктаў харчавання і іншага, гэта ўсё пытанні вырашальныя. Гэта нашы пытанні - Беларусі і Расіі. А вось жартаваць з бяспекай, абараназдольнасцю нашых агульных рубяжоў ні ў якім разе нельга. Гэта не падлягае ніякаму віду гандлю", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адначасова Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што маючае адбыцца вучэнне неабходна правесці максімальна празрыста. "Я патрабую ад усіх вас, каб гэта мерапрыемства на тэрыторыі нашай краіны было празрыстым і ўсе мерапрыемствы былі даступныя не толькі для нашых сяброў па АДКБ, ЕАЭС, СНД, але і для прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага блока - НАТА. Мы нічога не ўтойваем і ўтойваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэнні, калі ласка. Тым больш, я такую інфармацыю і такія сігналы з іх боку ўжо атрымліваю", - заявіў Прэзідэнт.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць для тых, хто пасылае гэтыя сігналы: мы ні ад каго не закрываемся. Мы запросім усіх жадаючых на гэтыя вучэнні. І вы ўбачыце, што яны маюць выключна абарончы характар. Што ні мы, ні Расійская Федэрацыя на гэтым напрамку не збіраемся не тое што на кагосьці наступаць, мы не збіраемся каго б там ні было правакаваць тут. Ні ў якім разе. Мы на ўсялякі выпадак рыхтуемся забяспечыць сваю бяспеку ў любой сітуацыі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў спробы нагнятання абстаноўкі ўнутры Беларусі. "Я не скажу, што ў нас вельмі шмат праблем у гэтай частцы - нейкага процістаяння нашай беларуска-расійскай групоўкі і падраздзялення Паўночнаатлантычнага блока, які, зразумела, сёння ажывіўся, умацоўваецца, узмацняецца, размяшчае дадатковыя кантынгенты войскаў каля нашых граніц. Нас гэта, шчыра кажучы, хвалюе менш, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нас больш хвалююць спробы сучаснымі метадамі проціборства, процістаяння нагнятаць абстаноўку ўнутры Беларусі і весці супраць яе адпаведныя дзеянні".

"Маецца на ўвазе спроба нашай "пятай калоны" пры падтрымцы (зноў жа, мы гэта фіксуем, я тут нікога абсалютна не запалохваю), фінансаванні заходніх фондаў і кіраванні заходнімі спецслужбамі нашых адмарозкаў, якія збеглі за мяжу, - спроба нагнятаць сітуацыю ў Беларусі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы з гэтым справімся. Гэта не праблема", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў і наяўнасць фактаў проціпраўных дзеянняў, якія перыядычна спыняюцца на дзяржаўнай граніцы. Гэта ў тым ліку спробы правозу зброі і іншых небяспечных прадметаў і матэрыялаў. "І сённяшняя падзея на дзяржаўнай граніцы, у дадзеным выпадку беларуска-ўкраінскай, калі давялося прымяняць зброю. І на заходнім напрамку выяўлены былі нядобрыя дзеянні, звязаныя з гранатамі, начыненымі нейкім парашком (цяпер праводзяцца даследаванні)", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін інцыдэнт звязаны з выяўленнем радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які накіроўваўся транзітам цераз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін.

"Папрашу па выніках расследавання ўсіх гэтых інцыдэнтаў, якія сёння адбыліся на дзяржаўнай граніцы, мне далажыць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"Гэта ўсё сведчыць аб тым, што расслабляцца нам ніяк не пасуе. Мы павінны трымаць вуха востра і ні ў якім выпадку не даць падставы дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Міністра абароны далажыць аб стане спраў у беларускай арміі, існуючых праблемных пытаннях і шляхах іх вырашэння ў гэтым годзе.

"Разумеючы, што маючае адбыцца вучэнне з'яўляецца важным мерапрыемствам падрыхтоўкі армій дзвюх дзяржаў, хацеў бы, каб у цэлым была дадзена ацэнка эфектыўнасці двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй, - сказаў Прэзідэнт. - Для мяне гэта яшчэ важна перад магчымым пасяджэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета. Калі ёсць нейкія праблемы, каб я мог іх абазначыць перад кіраўніцтвам Расіі і прыцягнуць увагу да больш эфектыўнага супрацоўніцтва ў рамках нашых пагадненняў па абароне Саюзнай дзяржавы".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся асноўнымі задачамі сумеснага вучэння, паслядоўнасцю іх вырашэння, складам войскаў, раёнамі правядзення мерапрыемства, а таксама чаканымі практычнымі вынікамі.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва Мінабароны дасканала прадумаць пытанні ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі і мясцовымі органамі ўлады па ўсіх аспектах вучэння. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што ў выпадку ўзнікнення канфлікту на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана ўсё насельніцтва, а не толькі Узброеныя Сілы.

"Не трэба думаць аб тым, што калі раптам нейкі канфлікт, то армія будзе дзейнічаць сама па сабе, а ўсе будуць сядзець, склаўшы рукі, і чакаць вынікаў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы і рыхтуем людзей, у прыватнасці ствараючы сілы тэрытарыяльнай абароны. І рыхтуем, акрамя сіл тэрытарыяльнай абароны, усё насельніцтва да таго, каб абараніць тэрыторыю нашай краіны і інтарэсы нашай дзяржавы".

"Прыбыццё і знаходжанне расійскіх войскаў на нашай тэрыторыі павінна пакінуць у памяці афіцэраў і салдат, нашых гасцей, толькі станоўчыя эмоцыі. Гэта нашы людзі. Нам разам адстойваць нашу абарону і бяспеку", - дадаў беларускі лідар.