Даклад Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня прыняў з дакладам Старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

"У бліжэйшы час мы правядзём нараду па выніках мінулага года па ўсіх праваахоўных блоках, запрасіўшы і судовую галіну ўлады, з мэтай абазначэння і разгляду пытанняў, якія знаходзяцца ў мяне на кантролі, пачынаючы з рэфармавання судова-следчай сістэмы ў цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заслухаў даклад аб асноўных выніках работы Следчага камітэта ў 2016 годзе, у тым ліку аб праводзімай у ведамстве аптымізацыі. "Аптымізацыя датычыцца ўсіх. У меншай ступені, відаць, Следчага камітэта, таму што ён створаны зусім нядаўна. Але прайшло дастаткова часу, каб пераканацца ў тым, ці правільна і структурна мы пабудавалі наш Следчы камітэт, ці правільна размеркавалі функцыі і абавязкі паміж органамі дазнання і гэтак далей. Гэта пытанне таксама будзе абмяркоўвацца на нашай шырокай нарадзе з удзелам і Следчага камітэта. Гэта адно з асноўных пытанняў, якое пранізвае ўсю сістэму да Вярхоўнага суда", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся вынікамі расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць раскрыцця спраў, якія цяпер знаходзяцца ў вядзенні Следчага камітэта, у прыватнасці, жорсткага забойства бізнесмена ў Беразіне. "Гэта пытанне гонару. Я папярэджваў і кіраўніка МУС: ён паабяцаў раскрыць гэту крымінальную справу. Вы павінны звяртаць увагу на такія справы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама было даложана аб ходзе расследавання крымінальнай справы, узбуджанай адносна мінчаніна, які ўчыніў нападзенне на міліцыянера ў навагоднюю ноч. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ніхто не мае права аказваць супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і тым больш прымяняць у адносінах да іх насілле, паколькі гэта можа прывесці ў тым ліку да выкарыстання праваахоўнікамі зброі - безумоўна, у рамках заканадаўства.

Усяго ў вядзенні Следчага камітэта ў 2016 годзе знаходзілася больш за 130 тыс. крымінальных спраў, з якіх звыш 52 тыс. скончана вядзеннем па справе. На сустрэчы было адзначана, што ўзровень злачыннасці ў Беларусі зменшыўся ў мінулым годзе на 4,5 працэнта. Скарацілася і колькасць спраў, па якіх былі вынесены апраўдальныя прыгаворы з-за дапушчаных следчымі парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.