Даклад Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адысці ад практыкі неабгрунтаваных праверак бізнесменаў. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў, прымаючы 22 верасня з дакладам Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава па праекце ўказа "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці".

Гэты праект указа разглядаўся на пашыранай нарадзе ў Прэзідэнта ў жніўні разам з іншымі дакументамі аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. Тады Кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць усе нарматыўныя прававыя акты, пасля чаго падрабязна далажыць яму аб кожным з іх.

Прымаючы з дакладам Леаніда Анфімава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанні кантрольнай дзейнасці больш за ўсё хвалююць бізнесменаў. "Гэта зразумела: у нас хочуць адказваць мінімальна, а свабоды больш. Таму нам ні ў якім выпадку нельга весціся на гэтыя хітрыкі, мы сапраўды павінны зняць усё лішняе, што перашкаджае рабоце людзей, прадпрыемстваў, але кантроль павінен заставацца - патрэбны кантроль для дзяржавы, які сапраўды "разнявольваў" бы людзей і не перашкаджаў ім працаваць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Было падкрэслена, што характар кантрольнай дзейнасці павінен перайсці з карнага на прафілактычны. "Мы зробім асноўны акцэнт на прафілактыцы правапарушэнняў, адыдзем ад планавых праверак, перанясём акцэнт на выбарачныя праверкі. Я заўсёды гэта патрабаваў: правярайце каго хочаце, але ў вас павінны быць падставы, канкрэтныя прычыны таго, што вы прыйшлі на прадпрыемства, да бізнесмена, фізічнай або юрыдычнай асобы. І калі такія падставы ёсць - калі ласка, ідзіце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі прадстаўнікі кантрольных органаў правяраюць беспрычынна або падставы не пацвярджаюцца, яны павінны за гэта несці адказнасць. "А то так можна прыдумаць розныя падставы, прыйсці - факты не пацвердзіліся, і ніхто за гэта не адкажа. Па-мойму, у гэтым нарматыўным прававым акце акцэнтаў на гэтым няма. Звярніце на гэта ўвагу. Ніякіх пралазаў быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, таксама неабходна скараціць колькасць падстаў для назначэння пазапланавых праверак. "Не трэба там кучы гэтых падстаў, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Павінны быць дакладна акрэсленыя падставы і акалічнасці гэтых праверак".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што па дзеючым заканадаўстве прадпрыемствы правяраюць па матэрыялах, якія знаходзяцца ў вядзенні праваахоўных органаў, хоць крымінальная справа яшчэ не ўзбуджана. Такога, падкрэсліў Прэзідэнт, быць не павінна. "Узбудзілі крымінальную справу - яна ўжо на кантролі, вось тады і правярайце. Тады можна пракантраляваць работу і праваахоўных органаў, і кантралёраў", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што супрацоўнікі кантрольных і наглядных органаў павінны несці адказнасць за грубыя парушэнні пры правядзенні праверак. "Трэба, каб у гэтым нарматыўным прававым акце такая адказнасць была прапісана. Няхай гэта будзе першы крок у такім напрамку, але ўсё ж такі яны павінны адчуваць сваю адказнасць. Вядома, не перанапружваючы кантралёраў. А то мы цяпер такімі мерамі ў іх адаб'ём не тое што ахвоту, а ўсялякае жаданне працаваць. Але адказнасць павінна быць ва ўсіх, у тым ліку і ў кантралёраў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама канстатаваў, што сёння кантрольныя органы могуць часова прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў. "Гэта не справа кантралёраў. Вы павінны пакласці на стол перад кіраўніком прадпрыемства, бізнесменам канкрэтныя прэтэнзіі, і ён няхай вырашае: працаваць яму ці лепш прыпыніць работу прадпрыемства, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта кіраўнік, ён вырашыў прыпыніць - прыпыніў, устараніў недахопы. Не хоча прыпыняць - няхай не прыпыняе, але па выніках ён за гэта адкажа".

Асобна была абмеркавана сістэма ведамаснага кантролю. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія меры будуць прыняты ў гэтым напрамку. Адзначана неабходнасць аптымізацыі пераліку кантралюючых органаў і сфер іх дзейнасці. "Я хачу, каб вы мне па гэтых пытаннях коратка далажылі, каб мне можна было прымаць рашэнне: падпісваць гэты ўказ ці не. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вы кантралёр, дзяржаўны чалавек і павінны выключыць усё лішняе (жыццё паказала, што перашкаджае) і нават наперад паглядзець, што жыццё яшчэ не ўзняло на паверхню. Але ні ў якім выпадку вы не павінны "лібералізавацца" да такой ступені, што мы страцім кіруемасць у дзяржаве. Баланс, баланс і яшчэ раз баланс", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Меры па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці сталі галоўнай тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КДК. Аднак Леанід Анфімаў змог прыўнесці ў свой даклад нотку душэўнасці, расказаўшы аб сваім наведванні ў Дзень ведаў Слабодскаўскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна.

Адна з першакласніц, калі Леанід Анфімаў уручаў ёй кнігу "Беларусь - наша Радзіма", пацікавілася, ці не ён Аляксандр Лукашэнка. Пачуўшы адмоўны адказ, яна папрасіла перадаць ад першакласнікаў школы прывітанне Прэзідэнту. "З якім сэрцам і пачуццём яна гэта папрасіла! Я, вядома, не магу не выканаць гэту просьбу і, стрымліваючы абяцанне перад дзяўчынкай, перадаю вам прывітанне не толькі ад першакласнікаў, але і ўсіх навучэнцаў гэтай школы са словамі вялікай удзячнасці", - сказаў ён.

"Можа, гэта дзяўчынка вырасце і стане добрым, душэўным кантралёрам у краіне?" - жартам выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

"Чаму б і не? Але, вы ведаеце, я такога ад яе не чакаў проста. Гэта было настолькі шчыра, і ніхто яе, зразумела, не рыхтаваў да гэтага. Ад усяго сэрца сказала", - падкрэсліў Леанід Анфімаў.