Даклад Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча

  • 1

Неабходна зняць бар'еры, якія тармозяць развіццё бізнесу ў малых гарадах і ў вёсцы. Такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 15 верасня з дакладам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча па праекце ўказа "Аб стварэнні ўмоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва".

У час праведзенай у жніўні нарады па пытаннях стымулявання дзелавой ініцыятывы, на якой разглядаўся пакет адпаведных дакументаў, Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу кіраўнікам профільных ведамстваў падрабязна далажыць аб кожным з праектаў заканадаўчых актаў. Вобразна кажучы, абараніць дакумент перад яго падпісаннем.

"Гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі вельмі важны і перш за ўсё ў малых гарадах і ў вёсцы. Нікому не трэба гэта тлумачыць. Меры, якія мы будзем прымаць, павінны быць звернуты на гэты сектар аказання паслуг. Мы дамаўляліся аб тым, што трэба зняць бяздумныя, непатрэбныя меры, якія тармозяць развіццё, перашкаджаюць працаваць: напрыклад, колькі халадзільнікаў мець, дзе посуд мыць, куды ісці, куды не ісці, што несці і як. Трэба рабіць гэта проста, але з санітарнага пункту гледжання, арганізацыйных мер усё павінна быць абсалютна зразумела для людзей і бяспечна. Вось уся канцэпцыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт спытаў, якія падыходы закладзены ў праекце разглядаемага ўказа, якія змяненні ўносіліся ў яго пасля абмеркавання.

Як далажыў Уладзімір Калтовіч, прыняцце дакумента выклікана неабходнасцю захаваць гарантаванае і дастойнае абслугоўванне насельніцтва ў сельскай мясцовасці па якасці, цане і асартыменце. "Гэтым указам прапануецца механізм, які рэалізуе задачу: канкурэнцыя ўсюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне там, дзе неабходна", - адзначыў ён.

Міністр праінфармаваў, што ўказ прадугледжвае ўвядзенне ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці асабліва рэжыму падаткаабкладання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Так, будуць устаноўлены паніжаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў - адна базавая велічыня ў месяц, а падатак на прыбытак для прадпрыемстваў складзе 6%. Прадугледжваецца таксама вызваленне ад падатку на дабаўленую вартасць, падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Для забеспячэння бізнесу гандлёвымі і іншымі памяшканнямі замацоўваецца магчымасць адчужэння суб'ектам гаспадарання з рэспубліканскай уласнасці нерухомай маёмасці па рыначным кошце без правядзення аўкцыёнаў.

Выданне ўказа, на думку распрацоўшчыкаў, надасць неабходны імпульс развіццю гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, а таксама дасць магчымасць стварыць дадатковыя рабочыя месцы для грамадзян.

Кіраўнік дзяржавы адобрыў падыходы, якія прапанаваны праектам указа. Пры гэтым было адзначана, што ўся адказнасць за арганізацыю работы па выкананні палажэнняў дакумента будзе ляжаць на Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.