Даклад Cтаршыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанкі
- 1
Беларусь аказалася ў гарачай палітычнай кропцы і павінна прымаць меры для сваёй бяспекі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 23 верасня з дакладам Cтаршыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанку.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля разрыву Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці Беларусь аказалася ў цэнтры ўвагі. Прэзідэнт падкрэсліў, што краіна выступае катэгарычна супраць размяшчэння такога ўзбраення ў Еўропе. "Я ўжо не раз аб гэтым гаварыў", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
Таму,
растлумачыў ён, даклад Рамана Галоўчанкі не трэба ўспрымаць як
бразганне зброяй. "Размова ідзе аб тым, што мы, таксама знаходзячыся ў
гэтым катле, гарачай палітычнай кропцы, не можам не звяртаць увагу на
забеспячэнне сваёй бяспекі. Свет, на жаль, не стаў бяспечней. Мы гэта
бачым і, вядома, павінны прымаць пэўныя меры", - заявіў Аляксандр
Лукашэнка.
Прэзідэнт
пацікавіўся бягучай дзейнасцю Дзяржкамваенпрама, развіццём асноўных
напрамкаў работы ведамства. Таксама Кіраўнік дзяржавы спытаў, як цяпер
развіваюцца прадпрыемствы, па якіх ім даваліся асобныя даручэнні.
Размова, у прыватнасці, ішла аб 558-м Авіярамонтным заводзе ў
Баранавічах, Аршанскім авіярамонтным заводзе, кампаніі "Тэхніка сувязі" ў
Барані. "Даручэнняў было не адно. Асабліва калі мы глядзелі новыя
сістэмы ўзбраенняў. Як рэалізуюцца гэтыя даручэнні? Яны ў асноўным
звязаны не толькі з аднаўленнем дзейнасці існуючых прадпрыемстваў. Яны
звязаны з выпускам найноўшых узораў узбраення, якія мы здольны сёння
ствараць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна
ён пацікавіўся развіццём ракетабудаўнічай галіны. Аляксандр Лукашэнка
нагадаў, што ў Беларусі ўжо стварылі ракету сярэдняй далёкасці, цяпер у
планах распрацаваць яшчэ больш магутную зброю. "Размова ішла аб
павелічэнні далёкасці, магутнасці гэтых ракет на падставе той базы, якая
ў нас існуе, вопыту нашых партнёраў, перш за ўсё Кітайскай Народнай
Рэспублікі, з якой мы актыўна супрацоўнічаем у галіне ракетабудавання.
Хацелася б ведаць, як тут развіваюцца пытанні і вырашаюцца тыя задачы,
якія былі пастаўлены", - сказаў Прэзідэнт.
Раман
Галоўчанка далажыў, што задачы, якія стаяць перад ведамствам у гэтым
годзе, у цэлым выконваюцца. Прадпрыемствы, што ўваходзяць у сістэму
ДВПК, працуюць рэнтабельна, заработная плата там паступова расце.
Паводле слоў старшыні камітэта, Дзяржкамваенпрам курыруе не толькі
прадпрыемствы, што ўваходзяць у яго сістэму, але і ў цэлым арганізацыі
абароннага сектара эканомікі.
"Цяпер
сярэдняя заработная плата складае Br1,6 тыс. Да канца года будзем
выходзіць на Br1,7 тыс. Гэта даволі высокі паказчык", - адзначыў ён.
Аляксандр
Лукашэнка звярнуў увагу на аплату працы нізкааплатных работнікаў - яе
неабходна падцягваць. "Я паглядзеў па Оршы: добра, што вы да канца года ў
сярэднім хаця б выйдзеце на Br1 тыс. Але трэба бачыць, што ў
Дзяржкамваенпраме ёсць нізкааплатныя работнікі, і іх зарплату, як па
ўсёй краіне, трэба падцягваць да гэтай сярэдняй зарплаты. Я вас не
штурхаю да таго, каб вы плацілі людзям незаробленыя грошы, - заўважыў
Кіраўнік дзяржавы. - Не, сёння трэба напружвацца, мы на рынку працуем:
што зарабілі, тое і падзялілі. Тым людзям, якія ў вас працуюць, трэба
плаціць зарплату, калі вы іх нанялі".
Прэзідэнт
дадаў, што Br1 тыс. - гэта не завоблачная зарплата, гэта той мінімум,
які дзяржава ў сярэднім павінна забяспечыць, усё астатняе - у руках
саміх грамадзян. "Але вось гэты мінімум, гэту падушку бяспекі для людзей
мы павінны стварыць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.