Cустрэча з Міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 28 жніўня на сустрэчы з Міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры.

Пачалася сустрэча са знаёмства з сірыйскімі дзецьмі, якія два тыдні адпачывалі ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падарыў дзецям падарункі і пацікавіўся, ці спадабалася ім у краіне. "Нехта з вас сказаў, што не хоча з Беларусі ўязджаць і марыць, каб пайшоў моцны снег і самалёт не ўзляцеў. Нам снег цяпер не патрэбны, але вы можаце заставацца ў Беларусі. Мы вас чакаем у любы час разам з вашымі сябрамі. Вы ім перадайце, што ў Беларусі іх заўсёды з вялікай любоўю будуць прымаць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што добра ведае Прэзідэнта Сірыі Башара Асада, і папрасіў перадаць яму прывітанне.

Прэзідэнт адзначыў, што не хацеў бы падрабязна спыняцца на вайне ў Сірыі і той дапамозе, якую Беларусь аказвае сірыйскаму народу па ўсіх напрамках. "Думаю, вы аб гэтым ведаеце. Важна сёння дамовіцца пра наша будучае, а будучае - гэта дзеці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Рымы аль-Кадэры.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі яшчэ жывуць людзі, якія перажылі Другую сусветную, Вялікую Айчынную вайну. "Беларусь больш за любую іншую рэспубліку Савецкага Саюза пацярпела ў апошняй вайне. Я зыходжу са звычайнай чалавечай ісціны: калі ты адгукаешся на чыёсьці гора, то, калі, не дай бог, у цябе гэта здарыцца, гэтак жа і табе дапамогуць. Ну а дзеці - гэта святое", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я прапаную ўжо цяпер на наступны год падумаць аб праграме падтрымкі дзяцей з Сірыі ў Беларусі. Можа, гэта будзе сотня, можа, пяцьсот чалавек, можа, тысяча. Галоўнае, каб мы загадзя спланавалі і змаглі запрасіць вашых дзяцей для адпачынку, аздараўлення, а потым, магчыма, і для вучобы ў Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся здароўем сірыйскай дзяўчынкі, якой беларускія хірургі выдалілі пухліну. Яму расказалі, што дзіця адчувае сябе добра. Прэзідэнт паабяцаў, што дзяўчынка застанецца ў Беларусі столькі часу, колькі спатрэбіцца для яе рэабілітацыі.

Рыма аль-Кадэры вітала ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі па распрацоўцы праграмы адпачынку, аздараўлення і вучобы сірыйскіх дзяцей у Беларусі. "Вы апярэдзілі нашу просьбу. Вы практычна здзейснілі цяпер мары дзяцей. Мы вельмі любім вас у Сірыі, - падкрэсліла яна. - Усе дзеці задаволены знаходжаннем тут. І ўсе мараць вярнуцца ў гэту цудоўную краіну і знайсці тут яшчэ і яшчэ сяброў".

Сірыйскі Міністр паабяцала, што асабіста будзе курыраваць складанне праграмы. Яна бачыць, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнай сферы, і Сірыя гатова пераймаць станоўчы беларускі вопыт, у тым ліку па арганізацыі дзіцячага вольнага часу і адпачынку.

"Думаю, і аздараўленне, і адпачынак, і вучоба нашых дзяцей тут будзе ўсё больш і больш садзейнічаць збліжэнню нашых народаў. У нас прыярытэтныя адносіны з дружалюбнай Беларуссю. У нас ёсць магчымасці развіваць двухбаковае супрацоўніцтва, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы", - запэўніла Міністр.