Cустрэча з Кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касісам

  • 1
  • 3:36

Беларусь гатова прадаставіць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвесціравання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 лютага на сустрэчы з Кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касісам.

Вітаючы замежнага госця, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь часта называюць усходняй Швейцарыяй. "Я абсалютна не супраць такога азначэння. Таму што Швейцарыя такі станоўчы статус у свеце заслужыла дзякуючы сваёй палітыцы, пастаяннаму нейтралітэту і вельмі вялікай прыстойнасці ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржавамі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Праўда, ёсць невялікія адрозненні. Усё ж такі мы краіна лясная, раўнінная, з вялікай колькасцю водных рэсурсаў. У вас, што прываблівае заўсёды людзей, - шмат добрых даступных гарналыжных курортаў. Горы вельмі ўпрыгожваюць вашу краіну. На жаль, у нас такога няма".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі са Швейцарыяй заўсёды былі добрыя адносіны. "Але я думаю, што нам ёсць куды расці, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных адносін. Эканоміка - галоўнае. Мы гатовы прадаставіць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвесціравання", - падкрэсліў ён.

У якасці пазітыўнага прыкладу ўзаемадзеяння дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка назваў рашэнні аб назначэнні пасла Швейцарыі ў Беларусі і аб адкрыцці ў Мінску пасольства гэтай краіны. "Гэта будзе добры крок у напрамку паглыблення нашага супрацоўніцтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ваш візіт вельмі важны, ён своечасовы. І ўпэўнены, што ён дасць штуршок паглыбленню нашага супрацоўніцтва".

Іньяцыа Касіс адзначыў, што швейцарцы, якія жывуць і працуюць у Беларусі, высока ацэньваюць развіццё і дынаміку ў краіне. "Калі я наведваю іншыя дзяржавы, ёсць пэўная традыцыя: перш чым сустракацца з палітыкамі, я праводжу сустрэчу са швейцарскай дыяспарай - тымі швейцарскімі грамадзянамі, якія жывуць у краіне, уносяць пэўны ўклад у яе развіццё. Сёння раніцай у мяне было такое снеданне са швейцарцамі, якія жывуць у Беларусі, - расказаў Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - Сярод іх (не жыве, але актыўна працуе ў Беларусі) Петэр Шпулер (уладальнік кампаніі "Штадлер Рэйл Груп". - Заўвага). Я вельмі добра яго ведаю па ранейшай рабоце ў парламенце. Таксама на гэтай сустрэчы быў прадстаўнік Чырвонага Крыжа - гэта гуманітарны напрамак. І тры іншыя грамадзяніны Швейцарыі. Для мяне было вельмі важна даведацца пра іх адчуванне, успрыманне Беларусі. І ўсе яны ў адзін голас хвалілі, высока ацэньвалі тое развіццё, дынаміку, якая назіраецца ў Беларусі".

Іньяцыа Касіс адзначыў, што не крыўдзіцца, калі Беларусь параўноўваюць са Швейцарыяй, называючы яе Швейцарыяй Усходняй Еўропы. "Для нас гэта вялікі гонар, што Швейцарыя служыць прыкладам для Беларусі. У нас сапраўды шмат агульнага. І колькасць насельніцтва падобная, мы акружаны суседзямі, вялікая культурная разнастайнасць. Усё гэта дае нам магчымасць выконваць асаблівую функцыю па будаўніцтве "мастоў" (маецца на ўвазе развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі. - Заўвага).