Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" ў Ваўкавыскім раёне

    У Беларусі пачынаючы з 2013 года штогод будзе выпускацца каля 10 млн. т цэменту. Ход рэалізацыі інвестпраектаў, дзякуючы якім будуць дасягнуты такія высокія паказчыкі, 30 красавіка ў час сваёй рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць вывучаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, наведаў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" ў Ваўкавыскім раёне.

    Асноўныя тэмы паездкі Кіраўніка дзяржавы - выкананне яго даручэнняў па мадэрнізацыі ў краіне цэментнай галіны, а таксама сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці, Ваўкавыскага раёна, ход веснавых палявых работ.

    Аляксандр Лукашэнка, падлятаючы на верталёце да Ваўкавыска, зверху праінспектаваў ход веснавых палявых работ у рэгіёне. "Калі астатнія раёны будуць як Свіслацкі і Ваўкавыскі, то і вынік у цэлым будзе добры", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Гродзенскай вобласці.

    Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Ваўкавыскага раёна, ходзе веснавых палявых работ і меліярацыі зямель у Гродзенскай вобласці. Паводле стану на 30 красавіка план па сяўбе яравых у Гродзенскай вобласці выкананы на 76%.

    Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра засяродзіў увагу Прэзідэнта на неабходнасці павышэння ўрадлівасці глебы ў рэгіёне. Гэта актуальнае пытанне, але яму пакуль не ўдзяляецца дастатковай увагі. Менавіта таму старшыня аблвыканкама звярнуўся з просьбай да Прэзідэнта дапамагчы выдзеліць сродкі, якія будуць накіраваны на тое, каб істотна павысіць урадлівасць глебы ў вобласці, што ў сваю чаргу дасць магчымасць павялічыць ураджаі.

    Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову губернатара па паляпшэнні якасці глебы ў рэгіёне і даручыў разгледзець пытанне выдзялення Гродзенскай вобласці Br150 млрд. на правядзенне адпаведных агратэхнічных мерапрыемстваў у рэгіёне.

    Прэзідэнт таксама адобрыў падыходы па меліярацыі зямель на Гродзеншчыне, але пры гэтым адзначыў неабходнасць істотна актывізаваць працэс.

    У гэты дзень Кіраўнік дзяржавы дэталёва вывучыў сітуацыю з развіццём цэментнай галіны і ходам выканання дадзеных раней даручэнняў Прэзідэнта.

    Цэментная прамысловасць у краіне прадстаўлена трыма ААТ - "Краснасельскбудматэрыялы", "Беларускі цэментны завод", "Крычаўцэментнашыфер". На гэтых прадпрыемствах працуюць больш як 5,7 тыс. чалавек. Сярэднямесячная зарплата за першы квартал бягучага года склала Br3,8 млн.

    Прадпрыемствы цэментнай прамысловасці вырабляюць як базавыя будматэрыялы - цэмент і вапну, так і будаўнічыя матэрыялы, вырабленыя на іх аснове, - шыфер, азбестацэментныя трубы, сценавыя блокі з ячэістага бетону, сухія будаўнічыя сумесі і клеі, розныя элементы добраўпарадкавання. Прадукцыя запатрабавана ў краіне і за мяжой, але перыядычна з ёй узнікалі перабоі. Таму праблема патрабавала вырашэння.

    Пераломным момантам у развіцці цэментнай прамысловасці краіны стала правядзенне Прэзідэнтам нарады ў ліпені 2007 года, на якой ён даручыў Ураду прыняць меры па павелічэнні штогадовай вытворчасці цэменту на беларускіх прадпрыемствах да 10 млн. т. У снежні 2008 года быў выдадзены адпаведны Указ, у адпаведнасці з якім і вядзецца работа па мадэрнізацыі галіны.

    Для вырашэння гэтай задачы рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве новых тэхналагічных ліній па выпуску цэменту на трох прадпрыемствах краіны.

    Калі на ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" гэта лінія пабудавана, то на Беларускім цэментным заводзе і ААТ "Крычаўцэментнашыфер" аналагічныя лініі будуць завершаны да 1 ліпеня 2012 года. Асноўная крыніца фінансавання будаўніцтва аб'ектаў - крэдыты Эксімбанка Кітая.

    Прэзідэнт азнаёміўся з дзейнасцю ААТ "Краснасельскбудматэрыялы".

    На прадпрыемстве выпускаецца цэмент, вапна, сценавыя блокі з ячэістага бетону, сухія сумесі, дробнагрануляваны мел, шыфер, лісты і трубы азбестацементныя. Тут працуюць 2,4 тыс. чалавек. Сярэднямесячная зарплата за першы квартал склала звыш Br3,6 млн.

    Як праінфармавалі Прэзідэнта, у 2011 годзе на прадпрыемстве выпушчана прадукцыі на Br1160,6 млрд. Выпуск цэменту дасягнуў 1929 тыс. т. Экспарт прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з 2010 годам на 16,7% і склаў $13,2 млн. Пры гэтым атрыманы на прадпрыемстве ў мінулым годзе чысты прыбытак узрос больш як у 7,5 раза ў параўнанні з папярэднім годам - да Br63,7 млрд., рэнтабельнасць продажаў павялічылася на 4,8% і склала больш як 7%.

    Цяпер на долю ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" прыпадае 42% цэменту, што выпускаецца ў краіне.

    У 2012 годзе тут плануюць выпусціць 2,4 млн. т цэменту, у тым ліку на новай лініі - 650 тыс. т.

    У ходзе сустрэчы са спецыялістамі прадпрыемства Прэзідэнт нагадаў аб тым, што ў 1999 годзе замежныя інвестары прапаноўвалі купіць завод за $25 млн. Тады Аляксандр Лукашэнка асабіста пабываў на прадпрыемстве і прыняў рашэнне пакінуць яго ва ўласнасці дзяржавы. Як паказалі гады, гэта рашэнне было абсалютна правільнае.

    Прадпрыемства з'яўляецца важным для краіны з пункту гледжання вытворчасці будматэрыялаў як на ўнутраны рынак, так і для экспарту прадукцыі за мяжу і прытоку валюты ў краіну.

    З пераводам работы на новай лініі з прыроднага газу на вугаль вырашаецца праблема энергазберажэння і дыверсіфікацыі паліўных рэсурсаў. У перспектыве разглядаецца магчымасць выкарыстання і мясцовых відаў паліва.

    Прэзідэнт цікавіўся пытаннем, як функцыянуе збудаванне па ачыстцы паветра, наколькі прадпрыемства экалагічна бяспечнае для навакольнага асяроддзя.

    Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў далажыў, што ўжо ў бягучым годзе дзякуючы рэалізацыі трох інвестпраектаў у краіне будуць створаны магутнасці для штогадовага выпуску 10 млн. т цэменту.

    Прэзідэнт запатрабаваў максімальна хутка выйсці на праектныя магутнасці.

    Плануецца, што ў бягучым годзе на трох прадпрыемствах цэментнай галіны Беларусі будзе выраблена 6 млн. т цэменту, 2 млн. т з якіх пойдуць на экспарт. А ўжо ў 2013 годзе ў краіне будзе выпускацца 10 млн. т цэменту. З іх на спажыванне ўнутры краіны пойдзе 4,8 млн. т, а на экспарт - 5,2 млн. т.

    Паводле словаў Міністра, у будучым годзе заработная плата работнікаў цэментнай галіны павінна дасягнуць у эквіваленце $550.

    Прэзідэнт азнаёміўся з работай новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці клінкеру "сухім спосабам" і ажыццявіў яе сімвалічны пуск.

    У час сустрэчы з кітайскімі прадстаўнікамі Аляксандр Лукашэнка звярнуў іх увагу на неабходнасць актывізаваць работу па рэалізацыі інвестпраектаў на іншых прадпрыемствах.

    Падводзячы вынікі праведзенай размовы аб развіцці цэментнай галіны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць больш сур'ёзнай работы ў плане рэалізацыі цэменту, а таксама работы гандлёвых дамоў, якія займаюцца гэтым.

    Ніякія злоўжыванні тут недапушчальныя, папярэдзіў Прэзідэнт. Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў мадэрнізацыю галіны і разлічвае на адпаведную аддачу.