Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Ахова здароўя

Ахова здароўя

Дзяржаўная сістэма аховы здароўя Рэспублікі Беларусь заснавана на захаванні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і даступнасці медыцынскай дапамогі.
Аперацыя па трансплантацыі ныркі ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы
Аперацыя па трансплантацыі ныркі ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы
Беларускае заканадаўства гарантуе пацыенту:
Апошнія гады ў краіне праведзена поўная мадэрнізацыя ўсіх звёнаў сістэмы аховы здароўя – ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да абласных бальніц і сучасных медыцынскіх цэнтраў.

Пашыраецца практыка стварэння рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (РНПЦ), якія функцыянуюць як адзіны комплекс шматпрофільных падраздзяленняў. У краіне працуюць 16 РНПЦ: "Кардыялогія", "Маці і дзіця", "Трансплантацыі органаў і тканак", "Неўралогіі і нейрахірургіі", "Трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій", "Траўматалогіі і артапедыі" і іншыя. У іх забяспечана цесная сувязь навукі і практыкі, без якой не было б такой колькасці ўкараненняў новых тэхналогій у лячэнне і дыягностыку захворванняў.

Асаблівы клопат дзяржавы – жанчыны і дзеці. У сучасных перынатальных цэнтрах рэспублікі выходжваюць нованароджаных з масай, якая ледзь перавышае 500 грамаў. У 2008 годзе ў Беларусі пачаўся шматгадовы масавы скрынінг дзяцей і нованароджаных, які дасць магчымасць удасканаліць сістэму медыцынскай дапамогі цяжарным жанчынам і нованароджаным.

Часткай сістэмы медыцынскай рэабілітацыі з'яўляецца санаторна-курортнае лячэнне. У Беларусі дзейнічае 481 санаторна-курортная і аздараўленчая арганізацыя рознага профілю.

Агульнавядома, што любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым вылечыць. Таму ў Беларусі паспяхова рэалізуецца комплекс дзяржаўных мер, накіраваных на барацьбу з фактарамі рызыкі, на выхаванне ў насельніцтва навыкаў здаровага ладу жыцця і забеспячэнне належных умоў для іх рэалізацыі. Створана цэласная нацыянальная, адукацыйная і выхаваўчая сістэма па фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы "Кардыялогія", "Анкалогія", "Туберкулёз", "Інавацыйныя біятэхналогіі" і інш. Для барацьбы з распаўсюджваннем ВІЧ-інфекцыі створаны Рэспубліканскі цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам.

Асноўныя задачы сістэмы аховы здароўя – паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва на аснове далейшага павышэння якасці медыцынскіх паслуг, забеспячэнне за кошт бюджэтных сродкаў адзіных сацыяльных стандартаў медыцынскай дапамогі кожнаму чалавеку незалежна ад яго месца жыхарства.

Беларуская медыцына таксама мае намер пашыраць выкарыстанне высокатэхналагічных распрацовак і інфармацыйных тэхналогій. Гэта будзе дасягацца праз павелічэнне дзяржаўных інвестыцый у ахову здароўя, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, пашырэнне спектра платных медыцынскіх паслуг (пры захаванні магчымасці атрымання неабходнага лячэння на бясплатнай аснове). Асобным напрамкам вылучаецца развіццё экспарту медыцынскіх паслуг, які намечана павялічыць да 2015 года ў 5 разоў у параўнанні з аб'ёмамі 2010 года.

Дасягненні медыкаў Беларусі

Апошнія гады ў Беларусі актыўна развіваецца транспланталогія.

Беларускія медыкі выконваюць трансплантацыі нырак, касцявога мозга, печані, сэрца, праводзяць перасадкі стваловых клетак чалавека і тканак: рагавіцы, скуры і касцявой тканкі. Паводле ацэнкі экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, выкананне такіх аперацый характарызуе высокі сусветны ўзровень развіцця спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў краіне.

У красавіку 2008 года ўпершыню ў Беларусі група ўрачоў 9-й гарадской клінічнай бальніцы правяла аперацыю па перасадцы печані.

У 2009 годзе былі праведзены першыя аперацыі па перасадцы печані пры злаякасным пашкоджанні пазапячоначных жоўцевых праток і трансплантацыя печані падлетку.

У 2010 годзе ўрачы асвоілі імплантацыю транспячоначных партальных шунтаў, што прадухіляе развіццё ўскладненняў, з-за якіх пацыенты, што чакаюць перасадкі, могуць загінуць да трансплантацыі. Таксама ў 2010 годзе хірургі правялі першую аперацыю па роднаснай перасадцы часткі печані 2-гадоваму малышу.

У 2011 годзе беларускія спецыялісты ўпершыню перасадзілі печань 20-месячнаму дзіцяці. На сёння ў краіне выконваецца практычна ўвесь спектр аперацый на печані.

У 2009 годзе ў РНПЦ "Кардыялогія" была паспяхова праведзена першая ў Беларусі аперацыя па перасадцы сэрца. Трансплантацыя комплексу падстраўнікавай залозы і ныркі з'яўляецца адной з самых рэдкіх у свеце, у Беларусі першую такую аперацыю правялі ў чэрвені 2009 года.

У студзені 2012 года прайшла першая аперацыя па перасадцы комплексу "печань-нырка", якая таксама з'яўляецца рэдкай у свеце.

У 2011 годзе ў Беларусі была праведзена 241 трансплантацыя органаў, у тым ліку 175 аперацый па перасадцы нырак, 43 – печані і 21 – па трансплантацыі сэрца.

Медыкамі Беларусі паспяхова асвоены новыя высокатэхналагічныя віды аперацыйных умяшанняў на нырках, а таксама лапараскапічныя аперацыі па заборы донарскай ныркі.

Беларускія хірургі першыя ў свеце сталі аперыраваць пацыентаў з дэнервацыяй прэпіларычнага аддзела страўніка (парушэнне эвакуацыі ежы са страўніка) пры дапамозе ўнікальнай лапараскапічнай методыкі, якая дае магчымасць захаваць і аднавіць функцыі страўніка. У 2012 годзе аперацыі былі ўдачна выкананы дзвюм пацыенткам. Ва ўсім свеце такія аперацыі пакуль праводзяць адкрытым спосабам, пасля чаго чалавек застаецца інвалідам, паколькі часцей за ўсё хірургі выдаляюць страўнік.

Траўматолагамі-артапедамі выкананы першыя аперацыі па эндапратэзаванні плечавога, галёнкаступнёвага і локцевых суставаў. У практычную дзейнасць нейрахірургічнай службы Беларусі ўкаранёны эндаваскулярныя метады ўмяшанняў пры паталогіі сасудаў галаўнога і спіннога мозга, малатраўматычныя мікрахірургічныя методыкі выдалення пухлін галаўнога мозга, стэрэатаксічныя ўмяшанні пры хваробе Паркінсона.

Значных вынікаў удалося дабіцца і ў лячэнні злаякасных новаўтварэнняў і захворванняў крывятворнай сістэмы ў дзяцей. Агульная доўгатэрміновая выжывальнасць такіх хворых складае 74%, па гэтым паказчыку Беларусь уваходзіць у дзясятку лепшых краін Еўропы.

У Беларусі распрацаваны прэпарат для лячэння раку крыві ў дзяцей – "Клафарабін". Клінічныя выпрабаванні "Клафарабіна" паказалі, што ён вызначаецца высокай актыўнасцю ў лячэнні вострай лімфабластавой лейкеміі. Пры гэтым прэпарат мае нізкую таксічнасць і лепш пераносіцца ў параўнанні з іншымі аналагамі, што дае магчымасць істотна павялічыць працягласць жыцця дзяцей з рэцыдывамі хваробы. Арыгінальны метад сінтэзу фармсубстанцыі для прэпарата "Клафарабін" запатэнтаваны Інстытутам біяарганічнай хіміі НАН.

Поспехі беларускіх медыкаў далі магчымасць зменшыць колькасць беларусаў, якія накіроўваюцца на лячэнне за мяжу. Магчымасць атрымання якаснага лячэння і дыягностыкі за ўмераную цану прыцягвае ў Беларусь усё больш замежных грамадзян. Калі ў 2010 годзе экспарт медыцынскіх паслуг складаў $9,1 млн, то ўжо ў 2015 годзе – $33,2 млн.

У Беларусі ўведзены ў строй Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. За год у ім прайшлі абследаванне больш за 2000 пацыентаў, у малекулярна-генетычнай лабараторыі - больш за 1000, што дало магчымасць не толькі ўдакладніць дыягназ, але і аптымізаваць ім лячэнне. У 2016 годзе экспарт ПЭТ-цэнтра склаў амаль 100000 долараў ЗША.

У жніўні 2016 года ў Беларусі адкрыты Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям, дзе змогуць атрымліваць медыцынскую дапамогу больш як 350 пацыентаў у год.

У 2016 годзе Рэспубліка Беларусь атрымала сертыфікат Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, які афіцыйна пацвярджае прадухіленне перадачы ад маці да дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу. Беларусь стала першай і адзінай краінай у Еўропе, якая атрымала такое пасведчанне.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь