Медалі Рэспублікі Беларусь – ганаровыя дзяржаўныя ўзнагароды за значныя заслугі ў грамадскай, працоўнай і іншых сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, за смелыя і вынаходлівыя дзеянні пры абароне дзяржавы, ахове грамадскага парадку.
Медалём "За адвагу" ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя, асобы начальнiцкага i радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь, органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях i iншыя грамадзяне за асабiстую мужнасць i адвагу, праяўленыя:
– у баявой абстаноўцы пры абароне Айчыны i яе дзяржаўных iнтарэсаў;
– пры выкананнi воiнскага абавязку, службовага або грамадзянскага абавязку, абароне канстытуцыйных правоў грамадзян;
– пры выратаваннi людзей на вадзе, у час стыхiйных бедстваў, пажараў, аварый, катастроф i iншых надзвычайных абставiн, звязаных з рызыкай для жыцця.
Медаль "За адвагу" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi ордэнаў размяшчаецца пасля iх.
Знешняе апісанне
Медаль "За адвагу" мае форму круга дыяметрам 37 мм. На вонкавым баку медаля ў верхняй частцы адлюстраваны тры самалёты, нiжэй змешчаны ў два радкi надпiс "За адвагу", пад надпiсам адлюстраваны танк. Усе адлюстраваннi на медалi рэльефныя, надпiс уцiснуты, пакрыты чырвонай эмаллю. Адваротны бок медаля мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар медаля.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай блакiтнага колеру з дзвюма падоўжнымi палоскамi сiняга колеру па краях.
Медаль вырабляецца з серабра.
Медалём "За адзнаку ў воiнскай службе" ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя:
– за значныя заслугi ў воiнскай службе;
– за поспехi ў падтрыманнi высокай баявой гатоўнасцi падраздзяленняў, часцей, злучэнняў i аб’яднанняў, выдатныя паказчыкi ў баявой падрыхтоўцы, асаблiвую адзнаку на вучэннях i манеўрах, пры нясеннi баявога дзяжурства;
– за асаблiвыя заслугi ў асваеннi, эксплуатацыi i абслугоўваннi ваеннай тэхнiкi, высокае прафесiйнае майстэрства.
Медаль “За адзнаку ў воінскай службе” носіцца на левым баку грудзей і пры наяўнасці іншых медалёў размяшчаецца пасля медаля “За адвагу”.
Знешняе апісанне
Медаль "За адзнаку ў воiнскай службе" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля па крузе размешчаны надпiс "За адзнаку ў воiнскай службе", у нiжняй частцы – галiнкi дуба, у цэнтры – выява мяча на фоне пяцiканцовай зоркi. Нiжнюю частку зоркi i мяча накрывае паўкругам стужка з чырвонай i зялёнай эмалi. На адваротным баку медаля размешчана пяцiканцовая зорка ў выглядзе заглыбленых прамянёў, якiя сыходзяцца да цэнтра, у абрамленнi вянка з лаўровага лiсця.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай блакiтнага колеру з падоўжнай палоскай залацiстага колеру пасярэдзiне i па адной падоўжнай палосцы чырвонага колеру па краях.
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем.
Медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў, асобы начальнiцкага i радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь, органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях, iншыя грамадзяне:
– за асабiстую мужнасць, храбрасць i самаадданасць, праяўленыя пры затрыманнi злачынцаў або лiквiдацыi злачынных груп, ахове жыцця i здароўя людзей;
– за ўмелыя, iнiцыятыўныя i смелыя дзеяннi, якiя садзейнiчалi паспяховаму выкананню падраздзяленнем, нарадам аператыўна-службовых i службова-баявых задач па спыненні злачынных i iншых процiзаконных дзеянняў;
– за ўмела арганiзаваныя i ажыццёўленыя дзеяннi па прадухiленні i раскрыцці злачынстваў;
– за ўмелую арганiзацыю работы i высокую рэзультатыўнасць дзейнасцi органаў i падраздзяленняў унутраных спраў, злучэнняў, часцей i падраздзяленняў унутраных войскаў па ахове грамадскага парадку i барацьбе са злачыннасцю;
– за актыўны ўдзел i дапамогу органам унутраных спраў i падраздзяленням унутраных войскаў у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю i iншымi правапарушэннямi.
Медаль "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых медалёў размяшчаецца пасля медаля "За адзнаку ў воiнскай службе".
Знешняе апісанне
Медаль "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля па крузе размешчаны надпiс "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку", у цэнтры на фоне мяча адлюстраваны трохвугольны шчыт, абрамлены лаўровымi галiнкамi, на шчыце – выява Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь. У нiжняй частцы медаля пад лаўровымi галiнкамi i мячом з правага i левага бакоў адлюстравана стужка, якая ўецца. На адваротным баку медаля размешчана пяцiканцовая зорка ў выглядзе заглыбленых прамянёў, якiя сыходзяцца да цэнтра, у абрамленнi вянка з лаўровага лiсця.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай блакiтнага колеру з трыма падоўжнымi палоскамi чырвонага колеру пасярэдзiне.
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем.
Медалём "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы" ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя пагранiчных войскаў, а таксама iншыя ваеннаслужачыя i iншыя грамадзяне:
– за мужнасць i самаадданасць, праяўленыя пры затрыманнi парушальнiкаў дзяржаўнай граніцы;
– за подзвiгi i асаблiвыя заслугi ў ахове дзяржаўнай граніцы;
– за ўмелае кiраўнiцтва баявымi дзеяннямi пагранiчнага нарада пры ахове недатыкальнасцi дзяржаўнай граніцы;
– за высокую пiльнасць i iнiцыятыўныя дзеяннi, у вынiку якiх былi затрыманы парушальнiкi дзяржаўнай граніцы;
– за актыўную дапамогу пагранiчным войскам у iх рабоце па ахове дзяржаўнай граніцы.
Медаль "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых медалёў размяшчаецца пасля медаля "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку".
Знешняе апісанне
Медаль "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай гранiцы" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля размешчана рэльефнае адлюстраванне пагранiчнiка i пагранiчнага слупа з Дзяржаўным гербам Рэспублiкi Беларусь, па крузе - надпiс "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай гранiцы". На адваротным баку медаля размешчана пяцiканцовая зорка ў выглядзе заглыбленых прамянёў, якiя сыходзяцца да цэнтра, у абрамленнi вянка з лаўровага лiсця.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай зялёнага колеру з падоўжнай палоскай чырвонага колеру з правага боку. Па краях стужка акантавана вузкiмi чырвонымi палоскамi.
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем.
Медалём "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" узнагароджваюцца асобы начальнiцкага i радавога складу органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў унутраных спраў, ваеннаслужачыя, іншыя грамадзяне:
– за асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый;
– за ўмелыя, ініцыятыўныя і смелыя дзеянні пры правядзенні аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ;
– за ўмелую арганiзацыю работы i высокую рэзультатыўнасць дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый;
– за актыўны ўдзел і дапамогу органам i падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях у папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Медаль "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых медалёў размяшчаецца пасля медаля "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".
Знешняе апісанне
Медаль "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля па крузе размешчаны надпіс "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", у цэнтры – стылізаваная выява васьміканцовай зоркі, абрамленай вянком з лаўровага лісця, ніжнюю частку якога накрывае паўкругам стужка, якая ўецца. На зорцы размешчана выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
На адваротным баку медаля знаходзіцца пяціканцовая зорка ў абрамленні вянка з лаўровага лісця з ідучымі з яе цэнтра прамянямі.
Медаль "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай сіняга колеру з дзвюма падоўжнымі чырвонымі палоскамі па баках і адной пасярэдзіне.
Медаль "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" вырабляецца з тампаку з серабрэннем.
Медалём "За працоўныя заслугi" ўзнагароджваюцца грамадзяне:
– за значныя дасягненнi ў прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве, на транспарце, у сферы абслугоўвання, навуцы, адукацыi, ахове навакольнага асяроддзя, ахове здароўя насельнiцтва, культуры, дзяржаўнай службе i iншых галiнах працоўнай дзейнасцi;
– за карысныя вынаходствы i рацыяналiзатарскiя прапановы;
– за поспехi ў выхаваннi i прафесiйнай падрыхтоўцы моладзi, развiццi фiзiчнай культуры i спорту.
Медаль "За працоўныя заслугi" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых медалёў размяшчаецца пасля медаля "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".
Знешняе апісанне
Медаль "За працоўныя заслугi" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля размешчана рэльефная выява элементаў, якiя сiмвалiзуюць працу людзей, занятых у прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, навуцы, на адваротным баку – выявы шасцярнi i коласа.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай шэрага колеру з падоўжнай палоскай цёмна-шэрага колеру пасярэдзiне i па адной палосцы чырвонага колеру па краях.
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнiкi навукi, адукацыi i культуры за выдатныя дасягненнi ў прафесiйнай дзейнасцi, значны асабiсты ўклад у развiццё i павелiчэнне духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.
Медаль Францыска Скарыны носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых медалёў размяшчаецца пасля медаля "За працоўныя заслугi".
Знешняе апісанне
Медаль Францыска Скарыны мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля ў цэнтры размешчаны пазалочаная рэльефная выява Францыска Скарыны i надпiс "Францыск Скарына". Адваротны бок медаля мае гладкую паверхню.
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з прамавугольнай калодкай вышынёй 48 мм і шырынёй 33 мм. У ніжняй частцы калодкі размешчаны дубовыя галіны залацістага колеру. Калодка абцягнута муаравай стужкай цёмна-бардовага колеру шырынёй 30 мм з дзвюма падоўжанымі палоскамі залацістага колеру шырынёй 0,5 і 1,5 мм, размешчанымі на адлегласці 1 мм ад краю стужкі. У цэнтры калодкі размешчаны знак "сыгнет".
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем і пазалотай.
![]() |
![]() |
![]() |
Медалём "За выратаванае жыццё" ўзнагароджваюцца грамадзяне за ратаванне людзей на вадзе, у час стыхійных бедстваў, пажараў, аварый, катастроф і іншых надзвычайных абставін, звязаных з рызыкай для жыцця.
Знешняе апісанне
Медаль "За выратаванае жыццё" мае форму круга дыяметрам 33 мм. На вонкавым баку медаля ў абрамленні вянка з лаўровага і дубовага лісця размешчаны рэльефны відарыс ратавальніка з дзіцем на руках, справа паўкругам у два радкі - надпіс "ЗА ВЫРАТАВАНАЕ ЖЫЦЦЁ".
Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай сіняга колеру шырынёй 24 мм. Пасярэдзіне стужкі размешчана падоўжаная жоўтая палоска шырынёй 1 мм, злева і справа ад яе - па дзве палоскі зялёнага і чырвонага колеру шырынёй 1 мм і па адной палосцы белага колеру шырынёй 3,5 мм.
Медаль вырабляецца з тампаку з серабрэннем.