Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Асноўныя факты

Асноўныя факты

Рэспубліка Беларусь – дзяржава ў цэнтры Еўропы. Мяжуе на паўночным захадзе з Літвой, на поўначы - з Латвіяй i Расіяй, на паўночным усходзе і ўсходзе - з Расіяй, на поўдні - з Украінай, на захадзе - з Польшчай.
Працягласць тэрыторыі рэспублікі з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход 650 км. Агульная працягласць Дзяржаўнай граніцы складае 3617 км, у тым ліку з Еўрасаюзам - 1250. Плошча – 207,6 тыс.кв.км. Па плошчы Беларусь пераўзыходзіць такія еўрапейскія краіны, як Грэцыя, Партугалія, Аўстрыя, Нідэрланды, Бельгія, Чэхія.

Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны. Асноўныя яго характарыстыкі абумоўлены размяшчэннем краіны ў сярэдніх шыротах, адсутнасцю гор, адноснай блізкасцю да Атлантычнага акіяна. Самы цёплы месяц – ліпень, самы халодны – студзень.

На тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 20 тыс. рэк. Самыя буйныя рэкі – Днепр, Заходняя Дзвіна і Нёман. Беларусь называюць "сінявокай", паколькі на яе тэрыторыі знаходзіцца звыш 10 тыс. азёр. Самае вялікае возера – Нарач (плошча – 79,6 кв.км), самае глыбокае – Доўгае (глыбіня – 53,6 м).

Сельскагаспадарчыя землі складаюць 41,3% тэрыторыі Беларусі, лясныя землі - 42,1%, азёры, рэкі і балоты - 6,3%, іншыя землі - 10,3%.

У Рэспубліцы Беларусь шэсць абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, якія падзяляюцца на 118 раёнаў.

Колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на пачатак 2017 года склала 9 млн 504,7 тыс. чалавек, 77,9% яго сканцэнтравана ў гарадах. У сталіцы Беларусі - горадзе Мінску - пражываюць 1 млн 974,8 тыс. чалавек - пятая частка насельніцтва краіны.

Нацыянальны склад – беларусы (больш як 80%), рускія, палякі, украінцы, яўрэі, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і руская.

Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Дзейнічае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь