Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Эканоміка

Эканоміка

Рэспубліка Беларусь – экспартна арыентаваная дзяржава з развітой прамысловасцю, сельскай гаспадаркай і сектарам паслуг. Беларусь прытрымліваецца мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая даказала сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць.
У цэлым за 2010-2016 гады ВУП рэспублікі павялічыўся ў супастаўных цэнах на 11,2% пры росце прадукцыйнасці працы за гэты перыяд на 17,8%.

ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці ў рэспубліцы вырас з 15,4 тыс. долараў ЗША ў 2010 годзе да 17,7 тыс. долараў ЗША ў 2015 годзе.

Сярод краін СНД па ВУП на душу насельніцтва па гэтым паказчыку Беларусь займала 4-е месца з 11 краін, апярэджваючы такія краіны, як Арменія, Туркменістан, Украіна.

Згодна з Дакладам аб чалавечым развіцці 2016 ПРААН, Беларусь па зводным індэксе чалавечага развіцця заняла ў сусветным штогадовым рэйтынгу 52-е месца, маючы найвышэйшы каэфіцыент сярод краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Ад груп краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця Беларусь аддзяляе адно месца.

АСНОЎНЫЯ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ ПАКАЗЧЫКІ

За 2016 год даныя прыведзены з улікам дэнамінацыі (змяншэнне ў 10 000 разоў) млн руб.

ВУП,
млрд.руб.

Аб'ём знешняга гандлю
млрд. дол. ЗША

Прадукцыя прамысловасці
млрд. руб.

Прадукцыя сельскай гаспадаркі
млрд. руб.

АСНОЎНЫЯ ГАЛІНЫ ЭКАНОМІКІ БЕЛАРУСІ

Да асноўных галін эканомікі Беларусі адносяцца апрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, транспартная дзейнасць.

10 КЛЮЧАВЫХ БЕЛАРУСКІХ ТАВАРАЎ

У дзясятку самых значных беларускіх тавараў, на долю якіх у сусветнай вытворчасці прыпадае ад 30 да 0,6%, уваходзяць:

грузавыя аўтамабілі, дарожная, будаўнічая тэхніка
трактары і сельскагаспадарчая тэхніка
халадзільнікі і бытавая тэхніка
мэбля
угнаенні
паліва
ільновалакно
хімічныя валокны і ніці
мясныя прадукты
малочныя прадукты

Прамысловасць

Нягледзячы на абмежаванасць уласных паліўна-энергетычных рэсурсаў і важнейшых відаў сыравіны, а таксама на знешнія эканамічныя шокі апошніх гадоў, рэспубліцы ўдалося захаваць свой прамысловы патэнцыял.

Прамысловасць Рэспублікі Беларусь - буйнейшая галіна і флагман эканомікі краіны. Яе развіццё ў значнай ступені вызначае асноўныя эканамічныя тэндэнцыі ў нашай рэспубліцы. Тут вырабляецца чвэрць валавога ўнутранага прадукту, сканцэнтравана каля 35% усіх асноўных сродкаў рэспублікі, працуе 23% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.

У сусветным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Рэспубліка Беларусь займае 37 пазіцыю, з вялікім адрывам апярэджваючы краіны СНД, акрамя Расійскай Федэрацыі.

Аснову прамысловай вытворчасці рэспублікі складае апрацоўчая прамысловасць, на долю якой у 2016 годзе прыпадала 86,6% агульнага аб'ёму вытворчасці прадукцыі прамысловасці.

Вядучымі галінамі прамысловасці з'яўляюцца: вытворчасць машын і транспартных сродкаў (10% у агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці), хімічная вытворчасць (10%), вытворчасць нафтапрадуктаў (15%), харчовая прамысловасць (30%).

Структура апрацоўчай прамысловасці па відах эканамічнай дзейнасці (2016):


Вытворчасць прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў
30,1%
Вытворчасць тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футры
4,5%
Вытворчасць вырабаў з дрэва і паперы; паліграфічная дзейнасць і тыражаванне запісаных носьбітаў інфармацыі
4,2%
Вытворчасць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі
15,2%
Вытворчасць хімічных прадуктаў
9,7%
Вытворчасць асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў
1,4%
Вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў, іншых неметалічных мінеральных прадуктаў
8,7%
Металургічная вытворчасць. Вытворчасць гатовых металічных вырабаў, акрамя машын і абсталявання
6,9%
Вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры
1,7%
Вытворчасць электраабсталявання
3,2%
Вытворчасць машын і абсталявання, не ўключаныя ў іншыя групоўкі
6,5%
Вытворчасць транспартных сродкаў і абсталявання
3,7%
У валавой дабаўленай вартасці сусветнай апрацоўчай прамысловасці Рэспубліка Беларусь займае 0,12%.

У сусветнай супольнасці Беларусь вядома вытворчасцю многіх важнейшых відаў прамысловай прадукцыі: транспартных сродкаў, машын і абсталявання, хімічных прадуктаў і нафтапрадуктаў, прадуктаў харчавання і будаўнічых матэрыялаў.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца лідарам па вытворчасці трактароў, іх у краіне вырабляецца каля 84% ад агульнага аб'ёму вытворчасці краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Удзельная вага вытворчасці калійных угнаенняў складае амаль 45% (або шостая частка сусветнай вытворчасці), азотных - 11%, грузавых аўтамабіляў - 5%.

Машынабудаўнічы комплекс


Машынабудаўнічы комплекс рэспублікі ўключае такія галіны, як вытворчасць машын, электраабсталявання, вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры, а таксама транспартных сродкаў і абсталявання. На долю машынабудаўнічага комплексу прыпадае больш як 15% апрацоўчай прамысловасці рэспублікі.

Беларусь спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, кар'ерных самазвалаў. Ключавымі прадпрыемствамі з'яўляюцца ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "Белаўтамаз" і ААТ "Беларускі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія "БелАЗ-холдынг" (г. Жодзіна). Беларускі аўтамабільны завод займае трэць сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў і ўваходзіць у групу вядучых сусветных вытворцаў кар'ернай тэхнікі.

Беларусь з'яўляецца таксама буйным вытворцам сельскагаспадарчых машын – трактароў, камбайнаў, розных відаў кормаўборачнай тэхнікі і агрэгатаў. ААТ "Мінскі трактарны завод" уваходзіць у васьмёрку буйнейшых сусветных вытворцаў колавых трактароў, на долю якіх прыпадае 96% агульнасусветнага аб'ёму збыту гэтай тэхнікі.

Вытворчасць нафтапрадуктаў, хімічная вытворчасць і вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў

Буйнейшыя ў Беларусі прадпрыемствы – экспарцёры мінеральных угнаенняў – ААТ "Беларуськалій" і ААТ "Гродна Азот".

ААТ "Беларуськалій" – адзін з вядучых сусветных вытворцаў калійных угнаенняў. На долю беларускага прадпрыемства прыпадае 16% сусветнага рынку вытворчасці калію. Больш як 90% яго прадукцыі ідзе на экспарт: у Еўропу, Усходнюю Азію, краіны Міжземнамор'я, Паўднёвую Афрыку, Індыю, Кітай, Паўднёвую і Паўночную Амерыку – усяго ў 97 краін свету.

ААТ "Белшына" – адно з буйнейшых прадпрыемстваў у Еўропе па выпуску шын.

Нафтаперапрацоўчая прамысловасць Беларусі прадстаўлена ААТ "Нафтан" (г. Наваполацк) і ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод". Гэта сучасныя комплексы па выпуску нафтапрадуктаў высокай якасці, якія пастаўляюцца ў краіны Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Еўропы.

Металургічны комплекс

Металургічны комплекс рэспублікі ўключае ў сябе каля 20 буйных і сярэдніх арганізацый металургічнай вытворчасці, якія выпускаюць стальныя трубы, металакорд, розныя віды дроту і больш за 80 арганізацый па вытворчасці гатовых металічных вырабаў - зборных будаўнічых металаканструкцый, розных металічных інструментаў, рэзервуараў, цыстэрнаў, бакаў, катлоў, радыятараў, крапежных вырабаў і іншых.

Буйнейшы вытворца сталі і прадукцыі з яе ў краіне – ААТ "Беларускі металургічны завод" - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія" (г. Жлобін).

Холдынг "БМК" створаны ў 2012 годзе. Галоўнай мэтай развіцця холдынга з'яўляецца развіццё эканомікі прадпрыемстваў, удзельнікаў холдынга на аснове інавацыйнага абнаўлення, павышэння эканамічнай эфектыўнасці, экалагічнай бяспекі, рэсурсазберажэння і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, прапануемай на рынкі краін СНД і далёкага замежжа. Выпуск новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі і рост аб'ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах холдынга "БМК" дасягаецца за кошт рэалізацыі мерапрыемстваў па рэканструкцыі, мадэрнізацыі і новым будаўніцтве.

Электратэхнічная прамысловасць

Электратэхнічная прамысловасць уключае ў сябе прадпрыемствы галіны, якія выпускаюць розную прадукцыю: электрычныя трансфарматары, кабельна-правадніковыя вырабы, электрарухавікі, ліфтавое абсталяванне, абсталяванне для прыёму, уліку і размеркавання электрычнай энергіі.

Холдынг "Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова" вырабляе электратэхнічнае абсталяванне сусветнага ўзроўню.

Дзякуючы пастаяннай мадэрнізацыі вытворчасці і павышэнню кваліфікацыі кадраў, завод стаў буйнейшым вытворцам сілавых трансфарматараў і заслужыў прызнанне на ўнутраным і міжнародным рынках. Цяпер прадпрыемства пастаўляе прадукцыю больш як у 25 краін свету і па праву займае адно з лідзіруючых становішчаў у сваёй галіне.

Холдынг "Магілёўліфтмаш" набыў рэпутацыю высакакласнага вытворцы надзейных і якасных ліфтаў на тэрыторыі СНД і за мяжой. Асартымент прадукцыі ААТ "Магілёўліфтмаш" сёння налічвае больш за 130 мадэлей ліфтаў. Наладжана вытворчасць пад'ёмных платформ для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках выканання праграмы энергазберажэння - шэраг энергазберагальных ліфтаў. Асвойваецца вытворчасць эскалатараў. Плануецца распрацоўка і асваенне вытворчасці травалатараў (канвеераў пасажырскіх), якія актыўна выкарыстоўваюцца ў гандлёвых цэнтрах, чыгуначных вакзалах і іншых адміністрацыйных будынках.

ААТ "Беларускабель" - гэта сучаснае прадпрыемства, якое мае абсталяванне для вытворчасці і рэалізацыі кабельнай і правадніковай прадукцыі. Сфера прымянення выпускаемых вырабаў ахоплівае такія галіны народнай гаспадаркі як радыёэлектроніка, авіяцыйная тэхніка, прыборабудаванне, будаўніцтва, сувязь, тэлекамунікацыя і электратэхніка, газа- і нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

ААТ "Брэсцкі радыётэхнічны завод" вырабляе шчыты паверхавыя для прыёму, уліку і размеркавання электрычнай энергіі, персанальныя камп'ютары, электранагравальныя прыборы, камплектуючыя вырабы для вытворцаў электрычных і газавых пліт.

ААТ "Брэсцкі электрамеханічны завод" серыйна выпускае прыборы ўліку электрычнай энергіі адна- і трохфазных сетак.

Оптыка-механічная прамысловасць

Буйное шматпрофільнае прадпрыемства оптыка-механічнай прамысловасці - холдынг "БелОМА" - спецыялізуецца ў галіне лазерных, оптыка-электронных і оптыка-механічных прыбораў і сістэм.

ААТ "ММЗ імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынга "БелОМА" мае вялікі вытворчы патэнцыял, сканцэнтраваны ў спецыялізаваных вытворчасцях.

Сёння, нягледзячы на ўніверсальнасць і шматпрофільнасць, БелОМА па-ранейшаму застаецца прадпрыемствам, вядомым дзякуючы сваёй спецыялізацыі - вытворчасці лазерных, оптыка-электронных і оптыка-механічных прыбораў і сістэм. Тут выпускаюцца прыцэлы, біноклі, прыборы начнога бачання і многае іншае. Інавацыйны праект БелОМА - вытворчасць айчынных цеплавізараў.

Прыборабудаванне

ААТ "Гомельскі завод вымяральных прыбораў" з'яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў прыборабудаўнічай галіны Рэспублікі Беларусь, якое спецыялізуецца на выпуску аналітычных прыбораў, прызначаных для кантролю і рэгулявання тэхналагічных працэсаў і маніторынгу навакольнага асяроддзя, а таксама электродных сістэм для патэнцыяметрычных вымярэнняў.

Яшчэ адно прадпрыемства прыборабудаўнічай галіны - ААТ "Завод "Эвістар" - спецыялізуецца на пастаўцы камплектуючых (электрамеханізмы, электрамагніты, электрапрыводы, шклоачышчальнікі, варыятары, ператваральнікі) для прадпрыемстваў сельскагаспадарчага мышанабудавання.

Энергетыка

Паліўна-энергетычны комплекс (ПЭК) Беларусі ўключае сістэмы здабычы, транспарціроўкі, захоўвання і вытворчасці ўсіх відаў энерганосьбітаў. Каля 85% энергарэсурсаў, задзейнічаных у эканоміцы краіны, імпартуюцца. Ядро ПЭК – электраэнергетыка. Гэта адна з вядучых галін эканомікі, у якой сканцэнтраваны традыцыйна высокі ўзровень тэхнічнага і інжынернага патэнцыялу Беларусі. Газазабеспячэнне і транспарціроўку газу па тэрыторыі Беларусі забяспечвае ААТ "Газпрамтрансгаз Беларусь".

У бліжэйшым будучым значную частку ПЭК у Беларусі зойме атамная энергетыка. У 2008 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў краіне ўласнай атамнай электрастанцыі магутнасцю да 2000 МВт, што прывядзе да зніжэння сабекошту выпускаемай электраэнергіі да 20%.

Вытворчасць прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў


Сёння вытворчасць прадуктаў харчавання ў рэспубліцы - гэта сучасная галіна, якая дынамічна развіваецца, прадпрыемствамі якой выпускаецца больш за чвэрць прадукцыі апрацоўчай прамысловасці, што ў поўнай меры забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Дзякуючы праведзенай маштабнай мадэрнізацыі і ўкараненню сучасных вытворчых тэхналогій прадпрыемствы галіны выпускаюць высакаякасную прадукцыю, якая карыстаецца стабільным попытам на ўнутраным рынку і за мяжой.

Асноўныя напрамкі развіцця галіны - вытворчасць малочных прадуктаў, мяса і мясапрадуктаў (больш як 60% у аб'ёме вытворчасці прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў). Акрамя таго, у рэспубліцы ажыццяўляецца вытворчасць цукру і кандытарскіх вырабаў, перапрацоўка і кансерваванне рыбы і рыбных прадуктаў, фруктаў і агародніны.

Буйнейшымі прадпрыемствамі па вытворчасці прадуктаў харчавання, уключаючы напіткі, з'яўляюцца: ААТ "Савушкін прадукт", Беларуска-германскае СП "Санта-Брэмар" ТАА, ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", ААТ "Бабуліна крынка", ААТ "БЕЛЛАКТ",РВГУП "Малочны гасцінец", ААТ "Спартак", ААТ "Камунарка", ААТ "Брэсцкі мясакамбінат", ААТ "Бярозаўскі сыраробны камбінат", ААТ "Мілкавіта", ААТ "Ваўкавыскі мясакамбінат", ААТ "Малочны свет", ААТ "Гродзенскі мясакамбінат", ААТ "Мінскі мясакамбінат".

Сельская гаспадарка

Доля сельскагаспадарчай вытворчасці складае амаль 7% аб'ёму ВУП. Пры гэтым у сельскагаспадарчым сектары працуе каля 9% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы краіны.

Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання: імпарт складае менш як 10% усяго аб'ёму спажывання.

Акрамя таго, у краіне сканцэнтравана 23,4% сусветных пасеваў ільну. Сярод 23 вядучых вытворцаў ільновалакна Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва ў рэспубліцы адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях (вытворчасць бульбы, цукровых буракоў, мяса, малака) перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД.

Па вытворчасці малака на душу насельніцтва Рэспубліка Беларусь займае лідзіруючую пазіцыю ў свеце і апярэджвае такія краіны, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Казахстан, ЗША, Кітай. Вытворчасць малака на душу насельніцтва ў краіне дасягнула 752 кг.

У сусветнай вытворчасці малака Рэспубліка Беларусь займае сёмы радок і ўступае толькі краінам Еўрапейскага саюза, ЗША, Індыі, Новай Зеландыі, Аргенціне, Аўстраліі.

Беларусь уваходзіць у пяцёрку буйнейшых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі, прычым па сметанковым масле і сухой малочнай сыроватцы займае трэці радок сусветнага рэйтынгу, па сырах і тварагу - чацвёрты, па сухім абястлушчаным малаку - пяты.

Пры вытворчасці мяса ў забойнай вазе на душу насельніцтва (123 кг) наша краіна, як і па малаку, апярэджвае такія краіны, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Казахстан, ЗША, Кітай. Пры гэтым на аднаго жыхара Рэспублікі Беларусь вырабляецца мяса ў два разы больш, чым у Расіі, Украіне, Казахстане і Кітаі.

У сусветнай вытворчасці мяса Рэспубліка Беларусь займае 0,3%.

Беларусь уваходзіць у 20 краін - лідараў па экспарце мяса, пры гэтым па ялавічыне ахалоджанай і мясе птушкі займае восьмы радок сусветнага рэйтынгу, па ялавічыне замарожанай - дванаццаты, па свініне - трынаццаты.

Паводле даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), па валавым зборы льновалакна і журавін Беларусь знаходзіцца на 3 месцы ў свеце, жыта - на 5 месцы, трыцікале - на 7, цукровых буракоў - на 13, клубніц - на 19, бульбы - на 38 месцы.

Транспарт і лагістыка

Беларусь – важнейшая транспартная артэрыя еўразійскай прасторы. Штогод праз тэрыторыю краіны праходзіць звыш 100 млн т еўрапейскіх грузаў, з іх амаль 90% – паміж Расіяй і ЕС. Пры гэтым рэспубліка ў поўнай меры забяспечвае аператыўнасць і бяспеку транзіту. Транспартныя паслугі аказваюцца чыгуначным, аўтамабільным, паветраным, рачным і трубаправодным відамі транспарту.

Міжнародныя транспартныя калідоры


Геаграфічнае становішча Беларусі прадвызначыла яе ролю ў якасці транзітнай дарожнай дзяржавы: рэспубліка знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў, якія звязваюць дзяржавы Заходняй Еўропы з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора. Тэрыторыю Беларусі перасякаюць 2 транс'еўрапейскія транспартныя калідоры, вызначаныя па міжнароднай класіфікацыі пад нумарам II (Захад - Усход) і пад нумарам IX (Поўнач - Поўдзень) з адгалінаваннем IXВ.

Знешні гандаль

Разнастайнасць вырабляемай прадукцыі апрацоўчай прамысловасці вызначае профіль знешняга гандлю краіны і забяспечвае большую частку валютных паступленняў.

Больш як палавіна вырабляемай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт, што характэрна для краін з высокай ступенню развіцця і адкрытасці эканомікі.

Рэспубліка Беларусь зарэкамендавала сябе на сусветным рынку сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. У апошнія два гады экспарт прадуктаў харчавання перавышае 4 млрд долараў. У агульным аб'ёме экспарту доля такой прадукцыі павялічылася да 17,7% у 2016 годзе.

Гандлёвыя адносіны Беларусь падтрымлівае са 197 дзяржавамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры рэспублікі: Расійская Федэрацыя (паводле даных за 2016 год, 51,3% ад усяго аб'ёму тавараабароту), Украіна (7,5%), Кітай (5,1%), Германія (4,5%), Польшча (3,9%), Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (2,4%), Нідэрланды (2,2%), Літва (2%), Турцыя (1,6%), Італія (1,3%), Злучаныя Штаты Амерыкі (1,3%).

Расце месца і роля краіны на міжнародным рынку паслуг. У параўнанні з 2010 годам іх экспарт павялічыўся больш як у 1,4 раза.

Значны рост дэманстравалі камп'ютарныя паслугі, экспарт якіх павялічыўся больш як у 4 разы ў параўнанні з 2010 годам. Аб'ём экспарту гэтага віду паслуг у 2016 годзе практычна дасягнуў 1 млрд долараў, а ўдзельная вага ў агульным аб'ёме экспарту вырасла з 4,5% да 14%.

Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва. У рэйтынгу Топ-100 лепшых аўтсорсінгавых кампаній свету-2017 - шэсць ІТ-кампаній з беларускімі офісамі. Вядомасць нашай краіне прынеслі такія прадукты, як Viber і World of Tanks.

Банкаўская сістэма

Банкаўская сістэма Беларусі – гэта прынятая ў міжнароднай практыцы двухузроўневая сістэма, якая складаецца з цэнтральнага банка – Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь – і камерцыйных банкаў другога ўзроўню.

Асноўнай мэтай дзейнасці Нацыянальнага банка з'яўляецца падтрыманне цэнавай стабільнасці, што азначае забеспячэнне ўстойліва нізкага ўзроўню інфляцыі.

Паводле стану на 01.07.2017 на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць 27 банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, якія маюць права на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 21 чэрвеня 2011 года створана ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", асноўнай мэтай якога з'яўляецца развіццё сістэмы фінансавання дзяржаўных праграм і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў, экспартнае крэдытаванне.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь