Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Культура

Культура

Нацыянальная культура беларусаў ідзе сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. У ёй заключаны каласальныя духоўныя багацці, якія адлюстроўваюць маральнае, эстэтычнае, інтэлектуальнае жыццё беларускага народа.

За шматвяковую гісторыю беларускім народам сфарміравана багатая і самабытная культурная спадчына. Беларусь мае значны гісторыка-культурны патэнцыял, які прадстаўлены аб'ектамі архітэктуры, мастацтва, музейнымі калекцыямі. Захаваныя да нашых дзён шэдэўры беларускага мастацтва знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях буйнейшых беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Найбольш значныя матэрыяльныя каштоўнасці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Архітэктура

Гарадскі пасёлак Мір (Карэліцкі раён). Від на Мірскі замак

Першыя гарады на тэрыторыі Беларусі ўзніклі ў перыяд ранняга сярэдневякоўя. Найбольш старажытныя з іх – Полацк (862 год) і Віцебск (974 год). У X–XII стагоддзях сфарміраваліся асновы горадабудаўніцтва, развівалася манументальная архітэктура (Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская, Віцебская Благавешчанская, Гродзенская Барысаглебская (Каложская) цэрквы).

У XIII стагоддзі на тэрыторыі Беларусі найбольшае распаўсюджванне атрымала абароннае дойлідства. У розны час на беларускіх землях існавалі не менш як 150 замкаў. Адноўленыя і адрэстаўрыраваныя Камянецкая вежа, палацавы комплекс у гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна, Стары замак у Гродне, замак у Лідзе, замкавы комплекс у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна, замак у гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна, палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы шмат могуць расказаць аб беларускай гісторыі.

Для архітэктуры Беларусі характэрна цесная ўзаемасувязь з заходнееўрапейскім і ўсходнееўрапейскім мастацтвамі. Асноўныя напрамкі – раманскі стыль, готыка, рэнесанс, барока (Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Глыбоцкі касцёл і манастыр кармелітаў), класіцызм (Гродзенскі Каралеўскі палац, Гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў).

Сёння помнікі старажытнай архітэктуры захоўваюцца і экспануюцца ў археалагічным музеі "Бярэсце" (Брэст), народнага дойлідства – у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту (пад Мінскам).

У гады Вялікай Айчыннай вайны значная частка архітэктурных збудаванняў была разбурана, толькі ў Мінску знішчана амаль 80 працэнтаў будынкаў. З 1944 года былі праведзены вялікія работы па аднаўленні гарадоў і вёсак. Выраслі новыя гарады – Наваполацк, Светлагорск, Салігорск.

У пасляваенны перыяд створаны мемарыяльныя комплексы Брэсцкая крэпасць-герой, Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі паблізу Мінска, "Хатынь" і іншыя.

Адным з яскравых прыкладаў сучаснай беларускай архітэктуры з'яўляецца будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – "алмаз", аналагаў якому ў свеце няма.

Выяўленчае мастацтва

Выстаўка

У мастацкіх музеях Беларусі можна ўбачыць творы мастацтва розных эпох. Самая вялікая калекцыя жывапісу і скульптуры знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

На працягу стагоддзяў у Беларусі развіваліся манументальны жывапіс (фрэскі Сафійскага сабора, Бельчыцкага і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродне), кніжная мініяцюра. Шэдэўрам старажытнабеларускага эмальернага мастацтва стаў крыж, зроблены ў 1161 годзе ювелірам Лазарам Богшам па заказе Ефрасінні Полацкай. У XV стагоддзі зарадзіўся свецкі жывапіс, каля XVI ст. – беларуская іканапісная школа. З распаўсюджваннем кнігадрукавання стала развівацца кніжная ксілаграфія.

З ткацкіх мануфактур XVII–XVIII стагоддзяў вялікую вядомасць набылі Карэліцкая, дзе выпускалі шпалеры, якія вызначаліся высокім мастацкім узроўнем, і Слуцкая, што праславілася сваімі тканымі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак паясамі.

У канцы XVIII–XIX стагоддзях беларускі жывапіс развіваўся ў рэчышчы рамантызму і класіцызму, пазней – рэалізму. Да гэтага перыяду адносяцца работы Я.Дамеля, Я.Сухадольскага, А.Ромера, І.Хруцкага, К.Бахматовіча, В.Ваньковіча, С.Заранкі, І.Аляшкевіча, Н.Орды, А.Бартэльса і іншых.

Культурнае поле ХХ стагоддзя ўключае ў сябе такія імёны, як М.Шагал, К.Малевіч, Ю.Пэн. Мастакі М.Філіповіч, Р.Семашкевіч, В.Бялыніцкі-Біруля, В.Цвірка, Г.Вашчанка, В.Грамыка, М.Данцыг, П.Масленікаў, М.Савіцкі, скульптуры А.Бразер, А.Грубэ, М.Керзін, З.Азгур, П.Белавусаў, А.Бембель, А.Глеб, С.Селіханаў і многія іншыя ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва.

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядучыя пазіцыі заняў габелен. "Габелен стагоддзя" работы А.Кішчанкі афіцыйна прызнаны самым вялікім габеленам у свеце і занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса.

Сучаснаму выяўленчаму мастацтву Беларусі ўласціва разнастайнасць. Умацоўваюцца фотамастацтва, арт-дызайн, камп'ютарная графіка, пашыраецца жанрава-відавы спектр. У ХХI стагоддзі мастацкая школа Беларусі даказала сваю здольнасць да развіцця, захавала цэльнасць, прадоўжыла асваенне прагрэсіўных элементаў сусветнай культуры.

Кіно

У гістарычнай частцы Віцебска – на вуліцах Суворава і Крылова – праходзяць здымкі фільма пра Шагала

17 снежня 1924 года было створана Белдзяржкіно. З гэтага дня вядзе адлік сваёй гісторыі нацыянальны кінематограф. Першым беларускім мастацкім фільмам была гісторыка-рэвалюцыйная карціна "Лясная быль". Паставіў яе паводле аповесці Міхася Чарота "Свінапас" у 1926 годзе рэжысёр Юрый Тарыч. Яго лічаць заснавальнікам беларускай кінематаграфіі. Вучні Тарыча – Уладзімір Корш-Саблін і Іван Пыр'еў – сталі знакамітымі кінематаграфістамі.

У 1930 годзе пачалася вытворчасць гукавых фільмаў. У 1939 годзе студыя атрымала ўласную вытворчую базу ў Мінску.

У даваенны час з вялікім поспехам прайшлі знятыя на беларускай кінастудыі кінакамедыі "Паручнік Кіжэ", "Дзяўчына спяшаецца на спатканне", "Шукальнікі шчасця", "Маё каханне", экранізацыя апавяданняў А.Чэхава "Мядзведзь", "Чалавек у футарале".

У 1954 годзе на кінастудыі зняты першы каляровы мастацкі фільм – "Дзеці партызана", у 1970 г. – першы шырокафарматны "Крушэнне імперыі". Свайго росквіту нацыянальны кінематограф дасягнуў у 1950–70-я гады. Менавіта ў гэты час былі створаны фільмы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кіно: "Канстанцін Заслонаў", "Чырвонае лісце", "Гадзіннік спыніўся апоўначы", "Дзяўчынка шукае бацьку", "Масква – Генуя", "Я родам з дзяцінства", "Альпійская балада", "Трэцяя ракета", "Горад майстроў" і іншыя. Тады былі зняты фільмы для дзяцей і юнацтва, якія сталі класікай: "Бронзавая птушка", "Апошняе лета дзяцінства", "Прыгоды Бураціна", "Пра Чырвоную Шапачку", "Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва".

Шырокае прызнанне ў аўдыторыі гледачоў атрымалі беларускія тэлесерыялы "Руіны страляюць...", "Доўгія вёрсты вайны", "Дзяржаўная граніца", "Бацькі і дзеці".

Плённа развівалася і дакументальнае кіно, якое стваралася ў творчым аб'яднанні "Летапіс".

Сучасныя майстры з поспехам прадаўжаюць творчую эстафету папярэдніх пакаленняў. Толькі за апошнія гады прызамі і ўзнагародамі розных фестываляў адзначаны створаныя ў Беларусі фільмы "Настасся Слуцкая", "Павадыр", "Дунечка", "У жніўні 44-га", "Брэсцкая крэпасць", "У тумане". У рэчышчы агульнасусветнай практыкі на "Беларусьфільме" ўсё часцей ажыццяўляюцца творчыя праекты па сумесным стварэнні фільмаў з кінематаграфістамі Расіі, Германіі, Ізраіля.

Літаратура

ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Асноўных сваіх поспехаў беларуская літаратура дасягнула ў XX стагоддзі, але без падзвіжніцкай дзейнасці пісьменнікаў папярэдніх стагоддзяў гэтыя здзяйсненні былі б больш сціплыя.

Вытокі беларускай літаратуры – у вусна-паэтычнай творчасці і фальклоры. Літаратура зарадзілася з прыходам пісьменства ў Х стагоддзі. Буйнейшым цэнтрам распаўсюджвання пісьменства быў Полацк, дзе ў XII–XIII стагоддзях з'явілася мясцовае летапісанне. У Тураве жыў і тварыў майстар прамоўніцкай прозы Кірыла Тураўскі. У XIV–XV стагоддзях беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гадоў. XVI стагоддзе адзначана дзейнасцю беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Францыска Скарыны.

Першую рэнесансную паэму на лацінскай мове аб роднай зямлі "Песню пра зубра" напісаў М.Гусоўскі. Публіцыст і перакладчык С.Будны выдаў у Нясвіжы "Катэхізіс" – першую кнігу на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Абаронца роднага слова В.Цяпінскі першы пераклаў на беларускую мову Евангелле. Свой уклад у развіццё беларускай кніжнай паэзіі ў XVII стагоддзі ўнёс Сімяон Полацкі.

Станаўленне новай беларускай літаратуры прыпала на другую палавіну XVIII–XIX стагоддзя. У XIX стагоддзі беларускую зямлю праслаўлялі паэт А.Міцкевіч, драматург В.Дунін-Марцінкевіч. Эпоха рэалізму звязана з росквітам творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і Я.Лучыны.

Важную ролю ў развіцці беларускай літаратуры адыгралі першыя легальныя газеты на беларускай мове "Наша доля" і "Наша ніва", вакол якіх аб'ядналіся самыя вядомыя аўтары таго часу: Я.Купала, Я.Колас, Э.Пашкевіч, М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш. і інш.

Беларуская літаратура ХХ стагоддзя прадстаўлена выдатнымі імёнамі народных паэтаў Я.Купалы, Я.Коласа, Р.Барадуліна, П.Броўкі, Н.Гілевіча, А.Куляшова, П.Панченкі, М.Танка, народных пісьменнікаў В.Быкава, Я.Брыля, К.Крапівы, М.Лынькова, А.Макаёнка, І.Мележа, І.Навуменкі, І.Чыгрынава, І.Шамякіна. Іх творы, а таксама многіх іншых паэтаў, пісьменнікаў, драматургаў за адносна кароткі перыяд паставілі беларускую літаратуру ў адзін рад з перадавымі літаратурамі свету.

Музыка

Канцэрт трох аркестраў у Белдзяржфілармоніі

Музычнае мастацтва Беларусі бярэ свой пачатак у народнай музыцы ўсходніх славян. Значную ролю ў побыце беларускай вёскі здаўна адыгрывала інструментальная музыка. Сярод любімых народных інструментаў – дуда, жалейка, гудок, ліра, скрыпка, цымбалы.

У Беларусі вялікае развіццё атрымала царкоўная богаслужэбная музыка. Музычнымі помнікамі XV–XVII стагоддзяў з'яўляюцца зборнікі вакальна-інструментальных твораў "Полацкі сшытак" і "Куранты".

У XVIII стагоддзі цэнтрамі музычнай культуры становяцца прыватныя тэатры і капэлы магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх і іншых. Сярод вядомых кампазітараў – Я.Голанд, Э.Ванжура, М.Радзівіл.

У сучаснай Беларусі вялікай папулярнасцю карыстаецца творчасць вядучых музычных калектываў краіны: Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы.

Артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Беларускай дзяржаўнай філармоніі захапляюць гледачоў самабытным талентам і высокім выканальніцкім майстэрствам.

Беларускае музычнае мастацтва праславілі выдатныя кампазітары С.Манюшка, Г.Вагнер, У.Мулявін, І.Лучанок, Э.Ханок, Д.Смольскі, А.Елісеенкаў і інш.

Вялікую работу па развіцці музычнай культуры праводзіць Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Арганізацыя фестываляў камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі з'яўляецца адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці аркестра.

Візітнай карткай Беларусі можна лічыць вакальную групу "Чысты голас", вакальна-інструментальныя ансамблі "Песняры" і "Сябры".

Штогод у Беларусі праводзяцца больш як 30 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных музычных фестываляў, сярод іх "Беларуская музычная восень", "Мінская вясна", "Славянскі базар у Віцебску", "Музы Нясвіжа".

Беларускія выканаўцы рэгулярна ўдзельнічаюць у прэстыжных міжнародных конкурсах.

Сучаснае беларускае музычнае мастацтва імкнецца захаваць багатыя нацыянальныя традыцыі.

Тэатр

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета

Беларускае сцэнічнае мастацтва зарадзілася са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў і акцёраў-скамарохаў. У XVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр – батлейка, які даваў паказы на кірмашах і плошчах у гарадах і мястэчках. У XVI–XVIII стагоддзях пачалі распаўсюджвацца школьныя тэатры, у XVIII стагоддзі – прыдворныя і гарадскія тэатры. Некаторыя з іх з часам пераўтварыліся ў прафесійныя трупы.

Заснавальнікам нацыянальнага тэатра называюць беларускага драматурга XVIII стагоддзя В.Дуніна-Марцінкевіча.

Адраджэнне беларускага сцэнічнага мастацтва адбывалася ў пачатку XX стагоддзя. Фундамент закладвалі драматургі К.Каганец, Я.Купала, Я.Колас, К.Буйло, Ф.Аляхновіч, Л.Радзевіч і іншыя.

Тэатральную работу праводзілі І.Буйніцкі, А.Бурбіс, Ф.Ждановіч.

У 1920 годзе Ф.Ждановіч арганізаваў Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). У 1926 годзе пачаў работу ў Віцебску БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа).

Для жыхароў і гасцей рэспублікі працуюць 28 прафесійных тэатраў, з якіх 19 – драматычных і музычных, 8 – дзіцячых і юнага гледача, 1 – оперы і балета. У іх рэпертуары творы беларускіх аўтараў, пастаноўкі рускай, савецкай і замежнай класікі. Чатыры тэатры ў Беларусі маюць статус "нацыянальны": гэта драматычныя тэатры Я. Купалы, М. Горкага (Мінск), Я. Коласа (Віцебск) і тэатр оперы і балета.

Сярод майстроў сцэны, якія плённа працавалі і працуюць у беларускіх тэатрах, – Г.Макарава, С.Станюта, 3.Стома, Г.Аўсяннікаў, Л.Давідовіч, 3.Белахвосцік, А.Клімава, Р.Янкоўскі, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, В.Тарасаў, А.Мілаванаў, В.Манаеў, А.Памазан, рэжысёры В.Раеўскі, Б.Луцэнка, М.Пінігін, В.Мазынскі, В.Маслюк, сцэнографы Б.Герлаван, Д.Мохаў, З.Марголін і многія іншыя.

У Беларусі рэгулярна праводзяцца фестывалі, конкурсы, агляды сцэнічнага мастацтва, сярод іх "Славянскiя тэатральныя сустрэчы" ў Гомелі, "Белая вежа" ў Брэсце, "Панарама" ў Мінску, М.арт.кантакт" у Магілёве. У 2011 годзе была ўпершыню ўстаноўлена Нацыянальная тэатральная прэмія Беларусі.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь