Статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Правы, абавязкі і статус Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах, у Законе "Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь" і іншых заканадаўчых актах.

Статус Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
  • Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады, узначальвае сістэму дзяржаўнай службы.
  • Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам.

Парадак выбрання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віда на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі.

  • Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны.
  • Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.
  • Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам.

Парадак уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу: "Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці членаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзідэнта.

Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь замацаваны пераважна ў артыкуле 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт:

  • як Кіраўнік дзяржавы: звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі; назначае рэспубліканскія рэферэндумы; узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні, пазбаўляе дзяржаўных узнагарод, класных чыноў і званняў на падставах, прадугледжаных законам;
  • у галіне знешняй палітыкі і міжнародных адносін: вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады паслоў і пастаянных прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях; прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў;
  • у галіне бяспекі і абароны: з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі; фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі; назначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл; уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю; у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама спроб гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу, масавых і іншых беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча;
  • у галіне прававога статусу асобы: вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненні і прадастаўленні прыстанішча; ажыццяўляе памілаванне асуджаных;
  • у сферы ўзаемаадносін з заканадаўчай уладай: назначае чарговыя і пазачарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы; распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй; звяртаецца са штогадовымі пасланнямі да Парламента; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленнем; назначае прадстаўнікоў Прэзідэнта ў Парламенце; падпісвае законы; мае права ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго палажэнні са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў;
  • у сферы ўзаемаадносін з выканаўчай уладай: с папярэдняй  згоды Палаты прадстаўнікоў назначае на пасаду Прэм’ер-міністра; вызначае структуру Урада Рэспублікі Беларусь, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў Урада, прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў; мае права старшынстваваць на пасяджэннях Урада Рэспублікі Беларусь; мае права адмяняць акты Урада;
  • у сферы ўзаемаадносін з судовай уладай: уносіць Усебеларускаму народнаму сходу прапановы па выбранні Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда і вызваленні іх з пасады на падставах, прадугледжаных законам, назначае суддзяў судоў агульнай юрысдыкцыі і вызваляе іх з пасады;
  • у сферы ўзаемаадносін з іншымі дзяржаўнымі органамі: уносіць Усебеларускаму народнаму сходу прапановы па выбранні Старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і вызваленні іх з пасады на падставах, прадугледжаных законам; з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду Генеральнага пракурора, Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка і вызваляе іх з пасады на падставах, прадугледжаных законам.

Акрамя таго Прэзідэнт мае іншыя паўнамоцтвы ў сферах дзяржаўнай кадравай палітыкі, ідэалогіі беларускай дзяржавы, права, сацыяльна-эканамічнай палітыкі, знешняй палітыкі, дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, а таксама па рабоце са зваротамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб.

Акты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Указы і распараджэнні Прэзідэнта не павінны супярэчыць законам.