Разгляд кадравых пытанняў

  • 14
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Масляка Сяргея Міхайлавіча - Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Каваленку Яўгена Іосіфавіча - Міністрам юстыцыі;

Маргунову Алену Міхайлаўну - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Стэльмашка Алега Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама (сацыяльная сфера);

Бурмістрава Ігара Паўлавіча - старшынёй Наваполацкага гарвыканкама;

Кадргулава Дзмітрыя Рафаэльевіча - старшынёй Бераставіцкага райвыканкама;

Мядзвецкаса Сяргея Тадэвушавіча - старшынёй Астравецкага райвыканкама;

Жураўлёва Аляксея Анатольевіча - старшынёй Глускага райвыканкама;

Максачова Вячаслава Мікалаевіча - старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама;

Васючэнкі Аляксея Анатольевіча - кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля;

Болтрыка Андрэя Георгіевіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна;

Лукашэвіча Сяргея Уладзіміравіча - першым намеснікам Міністра замежных спраў;

Горбіча Юрыя Леанідавіча - першым намеснікам Міністра аховы здароўя;

Старавойтава Аляксандра Генадзьевіча - намеснікам міністра аховы здароўя;

Нячай Святланы Уладзіміраўны - намеснікам Міністра аховы здароўя - галоўным дзяржаўным санітарным урачом Беларусі;

Рыбаключавай Вольгі Зайніеўны - дырэктарам Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Сяргея Масляка Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя акрэсліў кола задач, якія стаяць перад новым кіраўніком ведамства.

"Што датычыцца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, мы нядаўна правялі сур'ёзную нараду ў гэтым плане. Скажу адкрыта: трэба капаць і шукаць. Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым напрамку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэту задачу - гэта помнік можна ставіць у любым месцы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі больш-менш разведалі радовішчы мінеральных угнаенняў. "Але я не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў сферы разведкі і здабычы нафты ў Беларусі цяпер працуе толькі адна кампанія. Прычым, як адзначыў Прэзідэнт, працуе нядрэнна, і кіруе ёй добры спецыяліст. Тым не менш, у гэтай сферы няма канкурэнцыі.

"Не мы прыдумалі - канкурэнцыя павінна быць. Трэба больш меркаванняў, больш уяўленняў і іншае", - арыентаваў новага Міністра Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца задач у сферы прыродаахоўнай дзейнасці, Прэзідэнт сказаў: "Няма такога месца (больш у свеце. - Заўвага) для жыцця людзей, якое падарыла нам, беларусам, прырода. І нам трэба гэта зберагчы. Я чалавек вельмі патрабавальны, які вырас у вёсцы. Можна сказаць, амаль у лесе. І я прывык беражліва ставіцца не толькі да жывёл, але і да раслін. Іх павінна быць больш, шмат павінна быць. Вазьмі пад свой кантроль высаджванне дрэў. Як я гавару, на адкосах дарог, на няўдобіцах і гэтак далей. Усюды можа вырасці дрэва. А праз 80 гадоў гэта будзе добры лесаматэрыял, які змогуць выкарыстоўваць ужо нашы дзеці".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць лесанасаджэнняў для экалогіі. "Дрэва - гэта добрае паветра для дыхання людзей. Для нас гэта важна. Пасля балот лес з'яўляецца галоўным генератарам кіслароду на нашай планеце. Таму ўсюды павінны быць высаджаны дрэвы, дзе толькі могуць расці, - даручыў Прэзідэнт. - Вельмі шмат работы ў гэтым плане, і яна ў некаторай ступені запушчана".

Пры назначэнні Яўгена Каваленкі новым Міністрам юстыцыі Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданні па яго будучай рабоце на новай пасадзе. Ведамства ў пэўнай ступені няпростае, але Кіраўнік дзяржавы разлічвае на паспяховую працу.

"Што датычыцца Міністэрства юстыцыі, заўсёды вельмі сур'ёзнае было міністэрства. Ты ўвесь час працаваў на адпаведных пасадах, асабліва апошнім часам у Адміністрацыі Прэзідэнта (Яўген Каваленка да гэтага часу кіраваў галоўным дзяржаўна-прававым упраўленнем Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага). Даводзілася не проста сутыкацца, а часткова кіраваць некаторымі працэсамі ў гэтым міністэрстве і сумесна па многіх напрамках працаваць. Вельмі хачу, каб работа атрымалася", - даў наказ беларускі лідар.

У сваю чаргу Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў адрэкамендаваў Яўгена Каваленку як надзейнага чалавека, які добра праявіў сябе пры падрыхтоўцы важных нарматыўных прававых актаў.

Падчас назначэння Алены Маргуновай Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Стандартызацыя для нас пытанне сур'ёзнае. У тым ліку гэта звязана і з абаронай нашага рынку. Некаторыя краіны проста па-варварску карыстаюцца гэтымі метадамі".

"Мы не павінны так. Але (трэба. - Заўвага) не забываць аб тым, што нам трэба абараняць і развіваць сваё", - дадаў Прэзідэнт.

Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Пераважнай большасці з вас давядзецца ўдзельнічаць у выпрацоўцы глабальных, стратэгічных рашэнняў нашай дзяржавы - чым будзе займацца Усебеларускі народны сход. Таму мы яшчэ сур'ёзна пагаворым па асобных праблемах. Ды і ўвесь народ пачуе аб тых праблемах, якія сёння стаяць перад намі і якія давядзецца нам у бліжэйшы час вырашаць. Вам трэба будзе кіраваць немалымі калектывамі. У вас зонай адказнасці будзе пэўная тэрыторыя. Прашу не забываць, што вы "прэзідэнты" на гэтых тэрыторыях - у гарадах або ў раёнах гарадоў, раённых цэнтрах. Работа будзе няпростая: год палітычны (вы гэта добра ведаеце), і многія пытанні давядзецца вырашаць".

Але цяпер, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, першарадная задача як для гарадоў, так і для раённых цэнтраў - пасяўная кампанія і ў цэлым сфера сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт адзначыў, што надвор'е адносна нядрэннае. Аднак вялікая колькасць ападкаў, цалкам магчыма, прывядзе да засушлівага лета.

"Трэба да гэтага рыхтавацца. Таму кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну нам трэба бачыць і своечасова ўсё зрабіць. І гараджане павінны падключыцца і дапамагчы. Нам трэба ў гэтым годзе не проста сябе забяспечыць на будучы год, але і зрабіць задзел на будучыню", - абазначыў задачы Прэзідэнт.

Асобна ён закрануў назначэнне экс-памочніка камандуючага ўнутранымі войскамі - начальніка ўпраўлення мабілізацыйнай падрыхтоўкі і тэрытарыяльнай абароны Ігара Бурмістрава старшынёй Наваполацкага гарвыканкама. "Ведаю, што ты і сам у гэтым зацікаўлены. Для мяне вельмі цікавы такі варыянт. Ваенныя людзі ў даволі маладым узросце заканчваюць службу (і армейцы, і ўнутраныя войскі, і іншыя), і адседжвацца дома - гэта неяк не для іх. Я ўпэўнены, што ваенныя людзі справяцца і з цывільнай працай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён заўважыў, што Наваполацк - няпросты рэгіён. "Я вельмі чакаю, што вы ўвойдзеце ў курс справы і возьмеце пад кантроль усё, што датычыцца функцыянавання прадпрыемстваў і людзей, і я буду чуць толькі добрае пра вашу работу. Але абавязкова пабуду ў Наваполацку, пагляджу на гэты варыянт кадравага назначэння", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Неабходна вырашаць шэраг пытанняў і ў Гомелі, дадаў Прэзідэнт, узгадняючы на пасаду кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Аляксея Васючэнку. "Трэба падключацца да сельскай гаспадаркі перш за ўсё: у нас больш за ўсё праблем там. І, нягледзячы на гарадскія клопаты, вам трэба будзе працаваць і там", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на Магілёўскую вобласць. За сацыяльную сферу ў рэгіёне цяпер будзе адказваць Алег Стэльмашок: ён узгоднены на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Новы кіраўнік з'явіцца і ў Касцюковіцкім райвыканкаме - на гэта месца ўзгоднены Вячаслаў Максачоў.

"Касцюковічы і іншыя раёны ажыццяўляюць маю пэўную задуму па развіцці ўсходу Магілёўскай вобласці, які таксама ў свой час зведаў чарнобыльскую атаку. Пажадана, каб Касцюковічы былі паказальным раёнам", - абазначыў арыенціры Кіраўнік дзяржавы.

"Увогуле, мужыкі, работы дастаткова. Яе будзе не менш, і сітуацыя ў нас не будзе прасцейшай. Будзе складаней, можа, чым зараз. Але, як у нас цяпер кажуць, час выбраў нас, не мы яго выбіралі. Таму нам трэба вытрымаць, выстаяць і зрабіць усё неабходнае, каб утрымаць нашу краіну. Як я гавару, дайце эканоміку. Дасце эканоміку - астатняе я гатовы ўзяць на сябе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.