Даклад аб рабоце банкаўскай сістэмы і прымаемых мерах па суправаджэнні знешнегандлёвай дзейнасці

  • 5
  • 5:14

Эканоміка - гэта прыярытэт прыярытэтаў, і ўсякая фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкавана інтарэсам эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 сакавіка, прымаючы даклад аб рабоце банкаўскай сістэмы і прымаемых мерах па суправаджэнні знешнегандлёвай дзейнасці.

Сярод удзельнікаў даклада Прэзідэнту - Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ягораў, Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, а таксама намеснік Міністра замежных спраў Ігар Назарук.

"Асноўныя дзеючыя асобы, якія займаюцца ў Беларусі эканомікай і фінансамі, прысутнічаюць. Думаю, дарэчы будзе абмеркаваць асноўныя праблемы. Менавіта праблемы, якія ў нас існуюць у крэдытна-фінансавай перш за ўсё сферы. Пры гэтым хачу папярэдзіць: калі ўвогуле гаварыць, эканоміка - гэта прыярытэт прыярытэтаў. Усякая фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкавана інтарэсам эканомікі. Чаго б нам гэта ні каштавала. Гэта галоўнае. У адваротным выпадку навошта такая фінансавая сістэма", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб узмацненні кантролю за работай Нацыянальнага банка, на што ў тым ліку накіраваны прынятыя раней кадравыя рашэнні.

"Калі я назначаў Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі (маецца на ўвазе назначэнне Аляксандра Ягорава Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага), ужо сказаў, што гэта чалавек з добрымі ведамі ў сферы фінансаў, банкаў. І нам будзе лягчэй размаўляць у Адміністрацыі з Нацыянальным банкам, са спецыялістамі, паколькі на адной хвалі ж. Вучыліся ў адных і тых жа ВНУ. Да гэтага мы падключаем Камітэт дзяржаўнага кантролю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Як вы разумееце, Павел Уладзіміравіч (Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур. - Заўвага), па-за кантролем Нацыянальны банк быць не можа. Кантроль ажыццяўляецца Прэзідэнтам, і вы, напэўна, заўважылі, што ў сувязі з назначэннем новых асоб у фінансава-эканамічным блоку гэты кантроль будзе ўзмацняцца", - дадаў Прэзідэнт.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не значыць, што рабоце Нацыянальнага банка будуць неяк перашкаджаць. "Ён у асноўным свае функцыі выконвае. Як паказваюць вынікі ў эканоміцы за апошні год, у складанай абстаноўцы, звязанай з націскам з боку заходніх недружалюбных дзяржаў на Беларусь, эканоміка спраўляецца. Значыць, і Урад з Нацыянальным банкам спраўляюцца. Але гэта не значыць, што няма ў гэтым плане праблем. Вось мы абмяркуем гэтыя праблемы адкрыта, сумленна, не спіхваючы на кагосьці", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на пытанне дапамогі суб'ектам гаспадарання ў правядзенні разлікаў з замежнымі партнёрамі. "Санкцыі санкцыямі. Нібыта, мы спраўляемся, усё нічога. Але, як і Расія гэта прызнала, і мы адчуваем націск з боку амерыканцаў перш за ўсё. Націск, звязаны з разлікамі. І я шмат разоў звяртаў вашу ўвагу і ўрада на тое, што суб'ектам гаспадарання трэба дапамагаць.Там, дзе мы можам. Спакойна, без шуму, без крыку. Хацелася б ведаць (гэта ўжо пытанне і ўрада, і Адміністрацыі Прэзідэнта), ці выконваюцца гэтыя функцыі. І наколькі Міністэрства замежных спраў разам з Нацыянальным банкам займаюцца гэтымі праблемамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адно з істотных пытанняў, на якія звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, датычылася кантролю за сістэмай цэнаўтварэння ў краіне. Прэзідэнт нагадаў, што за інфляцыю і рост цэн у Беларусі адказвае не толькі Нацыянальны банк, але і Урад, які нясе пэўную нагрузку.

"Па маім даручэнні Урад прыняў пэўныя меры, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Назіраю, што нам удаецца кантраляваць сістэму цэнаўтварэння і ў нейкай ступені стрымліваць цэны".

"Ад гэтай практыкі мы не адступім. Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Такая задача пастаўлена перад Урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне".

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што дзяржава не збіраецца ўмешвацца і абмяжоўваць рост цэн там, дзе ў гэтым няма неабходнасці, або, наадварот, назіраць за неабгрунтаваным ростам цэн, не прымаючы належных мер.

"Мы хочам выпрацаваць стройную сістэму кантролю за цэнаўтварэннем, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Камусьці гэта можа падабацца, камусьці не. Але рашэнне мною прынята, і яно падлягае выкананню".