Даклад аб пытаннях падрыхтоўкі трэнерскіх кадраў і развіцця дзіцяча-юнацкага футбола

  • 1

У Беларусі плануецца ўвесці адзіную методыку падрыхтоўкі юных футбалістаў. Такое рашэнне прынята па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб пытаннях падрыхтоўкі трэнерскіх кадраў і развіцця дзіцяча-юнацкага футбола.

На нараду былі запрошаны старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі, старшыня Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас, яго намеснік у АБФФ Юрый Курбыка, а таксама аўтарытэтныя беларускія трэнеры - Сяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў і Людас Румбуціс.

Рабочая сустрэча стала прадаўжэннем размовы, што адбылася паміж Аляксандрам Лукашэнкам і вядомымі футбольнымі настаўнікамі Беларусі на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прыбыцця ў Мінск Кубка свету ФІФА. Тады знакамітыя спецыялісты расказалі Кіраўніку дзяржавы аб сваім бачанні праблем у гэтым відзе спорту, і Прэзідэнт паабяцаў у бліжэйшы час удзяліць тэме неабходную ўвагу.

"Я проста хачу пабудаваць нашу размову з пытання, ці сорамна вам за той стан футбола, які мы сёння маем у краіне? Напэўна, павінна быць сорамна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава робіць усё для развіцця гэтага віду спорту. Курыруе гэты напрамак кіраўнік лепшага ў краіне банка, які паспяхова рэалізуе самыя розныя праекты. "Адзін праект, правалены ім, - гэта футбол. А вы дзе былі? Ён жа, груба кажучы, у вас "крыша" - падстрахаваць, арганізаваць, яшчэ нешта. А вырашаць праблемы ёсць каму", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што няўдачна выступае не толькі асноўная дружына Беларусі, але і маладзёжныя зборныя. "Усюды правал. Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога не трэба", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў часы яго юнацтва вельмі любіў футбол, балеў за гэты від спорту і імкнуўся гуляць у яго. Справа даходзіла да таго, што яму па начах даводзілася зашываць мячы: магчымасці рэгулярна набываць новыя не было. "Калі б так спартсмены ставіліся да спорту, мы чэмпіёнамі свету былі б, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Хто ў нас так ставіцца сёння? І я не адзін тады такім быў, такі час быў".

Многія беларускія футбалісты ў той час былі легендамі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Дзе яно ўсё цяпер? Яго няма, таму што няма трэнера - няма спорту. Ды і арганізоўваць трэба і пытацца: колькі ты выкрышталізаваў у грамадстве такіх хлапчукоў, у школьным узросце? Шчэрбу (савецкі і беларускі гімнаст, шматразовы алімпійскі чэмпіён) дзе знайшлі? У дзіцячым садзе", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт упэўнены: вопытны трэнер зможа разгледзець у дзіцяці будучага спартсмена. Аднак потым з ім трэба працаваць, трэніраваць - і будзе толк. "Вось чаго нам не хапае", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, неабходна рэарганізаваць Беларускую федэрацыю футбола, дадаў Кіраўнік дзяржавы. "Трэба знайсці талковых людзей, стварыць добрую федэрацыю, якая будзе дапамагаць, кантраляваць, падтрымліваць, і ўзяць на кантроль трэнераў", - паставіў задачу ён.

Удзельнікі нарады прадставілі Прэзідэнту свае ідэі адносна развіцця футбола ў Беларусі. У прыватнасці, прагучала прапанова ўвесці адзіную методыку падрыхтоўкі юных футбалістаў. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў такую ініцыятыву і даручыў АБФФ заняцца прапрацоўкай гэтага пытання.

На нарадзе ўсе сышліся на думцы, што трэнерская работа з дзецьмі і моладдзю - гэта той фундамент, на якім павінна грунтавацца будучае беларускага футбола.